RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 17 Студзеня 2001

Сёньня:



Пасьля ўчорашняга інцыдэнту ў Міністэрстве ўнутраных справаў супраць Валер'я Шчукіна ўзбудзілі крымінальную справу. Сьледчыя Цэнтральнага РАУСу абвінавачваюць дэпутата ў злосным хуліганстве.

Справу супраць дэпутата Валер'я Шчукіна ўзбудзілі паводле 339-га артыкулу, часткі 1 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства).

За гэта караюць альбо грамадзкай працай, альбо пазбаўленьнем волі да 2-х гадоў. Грамадзкая праца — гэта новы для Беларусі від пакараньня, уведзены новым Крымінальным кодэксам. Пакараны мусіць адпрацаваць ад 120 да 240 гадзінаў. Як гэта адбываецца, ніхто яшчэ ня ведае.

Нагадаем, учора Валеры Шчукін намагаўся прайсьці ў Міністэрства ўнутраных справаў на прэсавую канфэрэнцыю Ўладзімера Навумава. Ахоўнікі яго не пусьцілі, і тады пад час бойкі зь імі былі разьбітыя шкляныя дзьверы. Валер'я Шчукіна з рэзанымі ранамі на нагах адвезьлі “хуткай дапамогай” у ваенны шпіталь.

Гаворыць Валеры Шчукін:

(Шчукін: ) "Я афіцэр запасу, то мяне прывезьлі ў ваенны шпіталь. Пакуль мне зашывалі рану, рабілі ўсе неабходныя працэдуры, за мной сачылі міліцыянты, якія прыехалі за “хуткай дапамогай” у шпіталь.

А потым увогуле нешта дзіўнае! Каля маёй палаты паставілі двух міліцыянтаў, і яны ўвесь час хадзілі за мной, калі мне трэба было ў прыбіральню ці ў сталоўку.

Калі я падышоў да тэлефону, яны схапілі слухаўку і паведамілі, што ім трэба параіцца, ці можна мне карыстацца тэлефонам. Яны мне не далі патэлефанаваць. А ўвечары прыйшоў так званы “дазнаўца” з Цэнтральнага РАУСу і паведаміў, што на мяне завялі крымінальную справу. Ён прасіў мяне даць нейкія паказаньні, але я адмовіўся. Казаў, што буду размаўляць толькі пры адвакаце.

Я толькі падпісаў, што ведаю пра крымінальную справу й больш нічога. Пасьля гэтага недзе а 8-й гадзіне вечару сьледчы сышоў і забраў маіх ахоўнікаў", — паведаміў Радыё Свабодзе Валеры Шчукін у палаце мікрахірургічнага аддзяленьня ваеннага шпіталю.

У Цэнтральным РАУСе сьледчы гэтай справы Валеры Спраўцаў адказаў нашаму радыё, што будзе чакаць, пакуль Шчукін паправіцца, і толькі тады пачне сьледчыя дзеяньні.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org