RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 17 Cтудзеня 2001

Сёньня



Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валеры Карбалевіч камэнтуе вынікі візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву.

(Карэспандэнт: ) “Афіцыйна пра мэты візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву паведамлялася, што гэта ўдзел у адкрыцьці дзён культуры. Тым часам Аляксандар Лукашэнка прыняў удзел і ў гульні ў хакей. Вядуцца перамовы пра пэрспэктывы сумеснай грашовай адзінкі. Як бачыце Вы мэты візыту?”

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, галоўнай прычынай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву былі ня дні культуры Беларусі, не хакей, нават не крэдыты. На ўсіх сустрэчах Лукашэнкі зь кіраўнікамі Расеі як бы чыталася нямое пытаньне: каго падтрымае Масква на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі?

Гэтае пытаньне яшчэ больш стала актуальным пасьля таго, як беларускія незалежныя СМІ, а зараз ужо і расейскія, даволі многа абмяркоўвалі пытаньне, на каго паставіць Масква, і гэтыя разважаньні аказваліся не на карысьць Лукашэнкі.

Зразумела, што гэта вельмі нэрвуе беларускага кіраўніка. І галоўная мэта яго візыту ў Маскву ў чарговы раз – яшчэ раз пераканаць Маскву ў адданасьці і атрымаць жаданы адказ на самае галоўнае пытаньне”.

(Карэспандэнт: ) “Зыходзячы з таго, якія фінансавыя ўмовы ставіць Масква, скажам, умовы для выдзяленьня наступнага крэдыту для Беларусі, як Вы мяркуеце, ці можна зрабіць заключэньне, ці гатовая Масква падтрымаць. Які адказ атрымлівае Лукашэнка?”

(Карбалевіч: ) “Здаецца, што Лукашэнка не атрымаў ніякага адказу. Таму што Пуціну няма куды сьпяшацца. Зараз узьнікла такая рэдкая сытуацыя, што ў Масквы зьявіліся новыя рычагі ўзьдзеяньня на Менск. Крэмль гэтай сытуацыяй карыстаецца ў поўнай меры. Ён цягне час, не даючы адказу на галоўнае пытаньне, і асьцярожна, але пасьлядоўна шантажуе Аляксандра Лукашэнку. А ў апошняга няма зараз іншага варыянту, апроч як саступкі.

Ён пагадзіўся фактычна з увядзеньнем расейскага рубля ў якасьці адзінай грашовай адзінкі Саюзу Беларусі і Расеі. Менск пагадзіўся фактычна зь існаваньнем адзінага эмісійнага цэнтру ў Маскве, а зараз, пад час гэтага візыту, Аляксандар Лукашэнка абяцае нават увесьці расейскі рубель раней, чым у 2005 годзе, як гэта плянавалася.

Пытаньне з расейскімі крэдытамі зараз вельмі цьмянае. Прычым, туману напускаюць абодва бакі. Але ўсё больш інфармацыі пра тое, што гэты крэдыт пойдзе ня столькі на ўмацаваньне беларускага рубля, як гэтага хацелася б у Менску, а для таго, каб Беларусь разьлічылася за старыя пазыкі і неяк кампэнсавала адмоўнае сальда ў гандлі, якое за 2000 год дасягнула сумы амаль 1 мільярд даляраў”.

Гутарыла

Алена Ціхановіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org