RFE/RL |
Серада, 17 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Прынцыповыя зьмены ў Выбарчым кодэксе — адна з абавязковых умоваў, каб выбары на прэзыдэнта былі прызнаныя свабоднымі й дэмакратычнымі. Гэтак вырашыла Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў. Ад імя экспэртаў у галіне заканадаўства Міхаіл Пліска пазнаёміў удзельнікаў паседжаньня са сьпісам асноўных зьменаў і дапаўненьняў да Выбарчага кодэксу, якія прапануе экспэртная група. Большасьць прапановаў грунтуецца на практыцы парлямэнцкіх выбараў 2000 году. Напрыклад, калі на тых выбарах грамадзкія назіральнікі збольшага толькі фіксавалі парушэньні закону, дык зараз перад ім ставяць іншую мэту — не дапускаць фальсыфікацыяў. Вось як камэнтуе гэтую сытуацыю сп. Пліска. (Пліска: ) "Вельмі важна ўдакладніць прававы статус грамадзкіх назіральнікаў. Лічым, што цяперашняе заканадаўства не забясьпечвае правядзеньня празрыстых і справядлівых выбараў. Мы прапануем дадаць зьмены ў Выбарчы кодэкс ды зьмяніць парадак ажыцьцяўленьня грамадзкімі назіральнікамі сваіх паўнамоцтваў. Зараз гэта рэглямэнтуе пастанова Цэнтральнай камісіі. Каб не было двухсэнсоўнасьці ў тым, як грамадзкія назіральнікі выконваюць свае паўнамоцтвы, гэты момант мусіць быць замацаваны ў Выбарчым кодэксе. Лічым, што найгалоўнае, каб назіральнік меў магчымасьць прысутнічаць пры падліку галасоў, каб ён мог бачыць запоўнены выбарчы бюлетэнь, каб ён мог атрымаць завераныя членамі выбарчай камісіі копіі пратаколаў пра вынікі галасаваньня". Гэта быў экспэрт Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Міхаіл Пліска. Удзельнікі паседжаньня — хто ад імя сваіх партыяў, хто сам — прапанавалі шэраг прынцыповых зьменаў у Выбарчы кодэкс. Асабліва шмат паправак тычылася роўных правоў кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. У прыватнасьці, прапануецца, каб усе без выключэньня кандыдаты адразу пасьля афіцыйнай рэгістрацыі пакінулі свае пасады ды пайшлі на службовыя вакацыі. Кожны прэтэндэнт павінен таксама прайсьці абавязковую псыхіятрычную экспэртызу і мець магчымасьць ад свайго імя запрасіць на выбары міжнародных назіральнікаў — пры ўмове, што тыя будуць згодныя прыехаць у Беларусь сваім коштам. Другая найбольш значная тэма — датэрміновае галасаваньне. Некаторыя прапануюць скасаваць гэтую працэдуру ўвогуле, іншыя — увесьці жорсткае рэглямэнтаваньне. Усе пагадзіліся, што датэрміновае галасаваньне можа адбывацца толькі пры ўмове пісьмовай заявы выбаршчыка з тлумачэньнем прычынаў, чаму ён ня можа прагаласаваць у дзень выбараў. Удзельнікі паседжаньня прынялі пісьмовы зварот да Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У ім выказваецца неразуменьне таго факту, што Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў не запрошаная ў Страсбург, дзе на наступным тыдні пройдзе абмеркаваньне беларускага пытаньня. Прапануецца накіраваць туды Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзьку і Валянціну Палевікову. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |