RFE/RL |
Аўторак, 16 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Выйшаў у сьвет энцыкляпэдычны даведнік “Беларусы ў сьвеце”. Першы том гэтага ўнікальнага выданьня днямі зьявіцца ў кнігарнях. Пра нашых невядомых землякоў ды пра іншае гутараць наш карэспандэнт і прэзыдэнт Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў прафэсар Адам Мальдзіс. (Мальдзіс: ) "Зь Беларусі, па маіх падліках, паходзяць чатыры ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі. Сярод іх Алфёраў, які не хавае сваёй беларускасьці. Ён нарадзіўся ў Віцебску, бацькі ягоныя родам зь Беларусі — ён падкрэсьлівае гэта". Пра тое, што знакаміты фізык Жарэс Алфёраў — ураджэнец Беларусі, творчы калектыў 3-томнага энцыкляпэдычнага даведніка “Беларусы ў сьвеце” ведаў яшчэ чатыры гады таму. Тады распачалася праца над першай кнігай даведніка — “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах”. Апошнюю крыску — Нобэлеўская прэмія за 2000 год — у біяграфію Алфёрава навукоўцы ўносілі ўжо ў друкарні. Зьяўленьне тома ў кнігарнях затрымалася з-за працяглых калядных сьвятаў. І ўсё ж затрымка даведніка на пару тыдняў з-за адпачынку друкароў — не галоўнае. Насамрэч даведнік мусіў выйсьці значна раней. Дзяржава не прафінансавала ягонага выданьня праз адмысловае выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя”, хаця праца над даведнікам вялася ў межах дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў сьвеце”. На збор матэрыялаў дзяржава некалі выдаткавала частку сродкаў. Пакуль жа даведнік ствараўся, фінансаваць ягонае выданьне дзяржава ўжо палічыла непатрэбным. Гэта ўсё ж не спыніла стваральнікаў. Адам Мальдзіс тлумачыць: (Мальдзіс: ) "Я перакананы, што гэтая работа патрэбная, каб умацаваць прэстыж Беларусі, каб даказаць, што мы ёсьць у сьвеце. Мы прысутнічаем, бяз нас ні Эўропа, ні сьвет ня могуць абысьціся. І тады нам аніякія глябалізацыі, аніякія віртуалізацыі там, інтэграцыі ня будуць страшныя. Як яны ня страшныя маленькай Бэльгіі, скажам, ці маленькай Галяндыі. У якім бы парадку не аб'ядноўваліся дзяржавы — у эканамічным, палітычным, яны гэтага не баяцца, бо ёсьць самасьвядомасьць, ёсьць свой мэнталітэт, і ён бароніць ад усялякіх гэтых глябальных працэсаў". Даведнік выдала прыватнае выдавецтва “Энцыкляпэдыкс”. Праўда, наклад мізэрны — усяго 1 000 асобнікаў. Наступныя ж два тамы выданьня пры цяперашнім стане рэчаў могуць наогул не зьявіцца з друку. Бо калі зьбіральнікі матэрыялаў ды навуковыя рэдактары яшчэ працуюць на энтузіязме, дык друкарскія выдаткі энтузіязмам не аплоціш. Магчымасьці прыватных фундатараў у Беларусі штодзень скарачаюцца. І мы можам так і не даведацца, хто ж яшчэ, акром Жарэса Алфёрава, тыя чацьвёра нашых суайчыньнікаў, якія атрымалі Нобэлеўскую прэмію. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |