RFE/RL |
Аўторак, 16 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Cпробы ізраільскага й палестынскага бакоў аднавіць мірны працэс на Блізкім Усходзе былі зноў сарваныя ўчора. Ізраіль адмовіўся ад плянаў працягваць перамовы пасьля забойства гэбрайскага пасяленца ў сэктары Газа… Як піша брытанская Financial Times, сустрэча паміж лідэрам палестынцаў Ясірам Арафатам і былым прэм’ер-міністрам Ізраілю Шымонам Перасам магла ўратаваць працэс мірных перамоваў. Але яны сарваліся з-за забойства ізраільскага пасяленца. За чатыры дні да таго, як прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан пакіне Белы Дом, няўдача робіць малаверагодным прыняцьцё дэклярацыі асноўных прынцыпаў мірнага пагадненьня да прыходу новай амэрыканскай адміністрацыі. Іраільскі прэм’ер-міністар Эгуд Барак назваў забойства, што здарылася ў панядзелак, “жахлівым ударам” па мірным працэсе. Ён таксама абвінаваціў палестынскія ўлады ў гвалце. Аднак, палестынскае кіраўніцтва лічыць рэакцыю Ізраілю неадэкватнай. Ізраіль неадкладна аднавіў блякаду сэктару Газа, куды былі ўведзеныя танкі і зноў зачыніў міжнародны аэрапорт у Газе, што пачаў быў дзейнічаць у гэтыя выхадныя. Дзясяткі ізраільскіх пасяленцаў уступілі ў сутычкі з палестынцамі ды абстралялі іхныя фэрмы і машыны. Палестынскія ўлады абвесьцілі амністыю усім падазраваным у калябаранцтве зь Ізраілем, пры ўмове, што яны паведамяць аб сваім супрацоўніцтве цягам 45 дзён. Гэта адбылося пасьля таго, як паліцыя расстраляла ў нядзелю двух палестынцаў паводле падазрэньня ў шпіянажы на карысьць Ізраілю. Эўрапейскі Зьвяз выказаў у панядзелак глыбокае шкадаваньне ў сувязі з гэтымі дзеяньнямі палестынскай паліцыі. Аднак, прадстаўнік Палестынскай арганізацыі вызваленьня Файсал Хусэйні заявіў на мітынгу ў Ерузаліме: “Нельга цярпець альбо абараняць тых, хто выдаваў сябе за палестынцаў. Нашая супольнасьць павінна ачысьціцца. Палестынскае кіраўніцтва мусіць рашуча караць здраднікаў” – цытуе ягоныя словы Financial Times. International Herald Tribune паведамляе трагічныя падрабязнасьці забойства 30 гадовага ізраільца Роні Цалаха, якое прывяло да зрыву перамоваў. Цела Цалаха было знойдзенае ў панядзелак раніцай у 2-х сотнях мэтраў ад свайго дому. Ён быў забіты стрэлам ў голаў, верагодна, зь ягонага ўласнага пісталету. Палестынцы, якія захапілі ягоны аўтамабіль, завезьлі машыну ў суседні арабскі квартал, дзе потым спалілі. Палестынскія ўлады назвалі ўвод ізраільскіх войскаў у сэктар Газа карнай апэрацыяй і падкрэсьлілі, што яны не спынілі мірных перамоваў, калі ў сыботу быў забіты палестынец. Віталь Тарас, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |