RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 16 Cтудзеня 2001

Сёньня



Беларуская праблема Расеі – назва дакладной запіскі №182 ( студзень 2001) супрацоўніка Рады Замежных Дачыненьняў (ЗША) Аркадзя Мошэса.

[Рада Замежных Дачыненьняў (Council on Foreign Relations)— заснаваная ў 1921 годзе незалежная арганізацыя, якая аб’ядноўвае ў сабе дасьледны цэнтар і выдавецтва. Яе мэта — умацаваньне ролі ЗША ў сьвеце ды разуменьне гэтага сьвету празь вывучэньне глябальных тэндэнцыяў, а таксама выпрацоўка ідэяў для замежнай палітыкі Злучаных Штатах. Рада выдае вядомы паліталягічны часапіс Foreign Affairs.

Прапанаваны тэкст выйшаў у сэрыі дакладных запісак у рамках Праграмы «Новыя падыходы да расейскай палітыкі ў галіне бясьпекі» (Program on New Approaches to Russian Security Policy)

Аўтар тэксту Аркадзь Мошэс ад 1992 году працуе навуковым супрацоўнікам у Сэкцыі ваенна-палітычных дасьледаваньняў Аддзелу эўрапейскай палітыкі Інстытуту Эўропы. У траўні 1999 году прызначаны загадчыкам Сэкцыі Бясьпекі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы і Балтыйскага рэгіёну]

Дакладная запіска №182, студзень 2001

Беларуская праблема Расеі

Аркадзь Мошэс

Беларуская дылема Расеі можа быць сфармуляваная ў двух пытаньнях. Ці варта Маскве працягваць працэс палітычнай інтэграцыі зь Беларусьсю — які непазьбежна цягне за сабой узаемадзеяньне з рэжымам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і падтрымку гэтага рэжыму — з мэтай атрымаць пэўныя дывідэнды ў сфэры геапалітыкі, бясьпекі і эканомікі? Або Масква мусіла б паступова адмовіцца ад цяперашніх двухбаковых «асаблівых адносінаў», якія вычэрпваюць расейскія фінансавыя рэсурсы, ускосна ўскладняюць дачыненьні Расеі з Захадам і пагражаюць адмоўнымі наступствамі ў дачыненьнях паміж абедзьвюма краінамі, калі аднойчы да ўлады ў Беларусі прыйдзе апазыцыя?

Чым важная Беларусь?

Геапалітычныя выгады для Масквы агульнай палітычнай інтэграцыі зь Беларусьсю, і асабліва расейска-беларускай адзінай (або саюзнай) дзяржавы, добра вядомыя. Цесныя сувязі зь Беларусьсю зьмяншаюць магчымую рызыку ізаляцыі Расеі ад Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы: яны даюць Маскве дадатковыя інструмэнты ў яе польскай, украінскай і прыбалтыйскай палітыцы. Калі б Масква мела праблемы ў дачыненьнях зь Менскам, балтыйскі анкляў Расеі — Калінінград — апынуўся б «за дзьве краіны» ад мэтраполіі, а гэта ня толькі ўяўляла б сабою псыхалягічную праблему, але стварыла б і шматлікія практычныя цяжкасьці ў камунікацыі з гэтым рэгіёнам.

Ня меншая ўвага надаецца і ваенна-стратэгічнаму аспэкту расейска-беларускага супрацоўніцтва. Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю для разьмяшчэньня антыракетнай базы раньняга папярэджаньня, якая замяніла гэткую саую базу, збудаваную за савецкі часам у Латвіі і зьнішчаную ў канцы 1990-х гадоў. Варта зазначыць, што Расея дамаглася права карыстацца гэтай базай у Беларусі бясплатна, хоць яе арэнда (як сьведчаць прэцэдэнты ў пост-савецкай прасторы) магла б абыйсьціся ў сотні мільёнаў даляраў на год. Абедзьве краіны карыстаюцца таксама супольнай сыстэмай супрацьпаветранай абароны, што бясспрэчна ўмацоўвае абаронны патэнцыял Расеі на заходнім напрамку. Геастратэгічнае значэньне Беларусі для Расеі вырастае ў кантэксьце пашырэньня НАТО на Ўсход, якое ўсё яшчэ разглядаецца як непасрэдная пагроза інтарэсам расейскай бясьпекі. Абаронная інтэграцыя зь Беларусьсю — адзіны спосаб нэўтралізаваць гэтую пагрозу.

З другога боку, роля Беларусі як эканамічнага партнэра Расеі ў значнай ступені недаацэньваецца або памылкова разглядаецца як вытворная ад палітычных дачыненьняў. У першай палове 2000 году Беларусь была другім паводле велічыні гандлёвым партнэрам Расеі (6.8%), саступаючы толькі Нямеччыне і будучы прыблізна на адным узроўні з Украінай (чыё насельніцтва ў пяць разоў большае). Хоць у абсалютных ліках двухбаковы гандаль яшчэ толькі набліжаецца да аб’ёму, якога ён дасягаў да расейскага эканамічнага крызысу 1998 году, захоўваецца выгодная для Расеі тэндэнцыя ў гандлёвым балянсе. У параўнаньні з гандлёвым дэфіцытам каля 100 мільёна даляраў ЗША ў 1997 годзе, Расея выйшла на ўзровень істотнай перавагі экспарту — больш чым на паўмільярда даляраў у 1999 годзе і 450 мільёнаў у першай чвэрці 2000-га. І хоць у гандлі паміж краінамі яшчэ ў значнай ступені захоўваюцца безнаяўныя формы плацяжу, яны прынамсі не пераважаюць. У 1999 годзе доля бартэрных апэрацыяў у расейскім экспарце ў Беларусь складала 36.3%, а ў імпарце зь Беларусі — 42.1%.

Эканамічныя сувязі паміж Расеяй і Беларусьсю даволі разнастайныя. 79 з 89 расейскіх рэгіёнаў мелі ў 1999 годзе непасрэдныя гандлёвыя дачыненьні зь Беларусьсю, тым часам як у 1996 годзе такіх было толькі 37. Семдзесят рэгіёнаў падпісалі дамовы аб эканамічным супрацоўніцтве зь Беларусьсю. (Доля Масквы ў двухбаковым гандлі ў 1999 годзе складала 33%; Цюмені — 18.6%. Зь беларускага боку лідэрам быў Менск — 38.6%).

Ужо й цяпер значная роля Беларусі ў абслугоўваньні экспарту расейскай энэргіі ў Заходнюю Эўропу мае тэндэнцыі да далейшага росту. «Спрыяльны падыход» да расейскага транзыту — гэта толькі адзін з элемэнтаў шырэйшага ўраўненьня, якое сярод іншага ўлучае нізкія цэны на энэрганосьбіты для Беларусі. Аднак найбольш прывабнае для Расеі тое, што, у адрозьненьне ад Украіны, Беларусь зарэкамэндавала сябе як дысцыплінаваны і надзейны пасярэднік — выпадкаў крадзяжу газу не зафіксавана — што зрабіла яе прыцягальнай для новых інвэстыцыяў у транзытную інфраструктуру. Адзін трубацяг дзейнічае ўжо ад верасьня 1999 году; для пабудовы яшчэ аднаго ў кастрычніку 2000-га быў утвораны міжнародны кансорцыюм. Ёсьць і праекты, скіраваныя на пашырэньне ўдзелу Беларусі — і ў прыватнасьці яе нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў — у экспарце расейскай нафты праз латвійскія й літоўскія парты (тут шмат будзе залежаць ад таго, ці Расеі наагул гэта будзе патрэбна пасьля стварэньня сваёй уласнай інфраструктуры ў Фінскай затоцы).

Што не ўдалося ў расейска-беларускай інтэграцыі

Найбльшай слабасьцю працэсу расейска-беларускай палітычнай інтэграцыі выглядае тое, што гэтае пытаньне стаіць на парадку дня занадта доўга амаль безь ніякіх адчувальных вынікаў. Занадта часта, асабліва ў эпоху Ельцына, палітычныя лідэры абодвух бакоў выкарыстоўвалі гэтае пытаньне для павышэньня сваёй папулярнасьці ўнутры краіны, спараджаючы ў насельніцтве марныя спадзяваньні, якія так ніколі й ня спраўдзіліся. Разам з тым нельга сказаць, што падтрымка справе інтэграцыі зьнікла. Аб’яднаньне ў той або іншай форме застаецца папулярным у расейскім грамадзтве, аднак гэта ў пэўным сэнсе пасіўная папулярнасьць, якую было б вельмі цяжка скіраваць у рэчышча нейкага значнага дзяржаватворчага дзеяньня, бо папраўкі да расейскай канстытуцыі ня могуць быць прынятыя на рэфэрэндуме (гэта патрабуе складанай і працяглай юрыдычнай працэдуры). Тым часам сфармавалася кан’юнктурная кааліцыя апанэнтаў адзінай дзяржавы, якая аб’ядноўвае шырокі палітычны спэктар — ад лібэралаў, якія баяцца патрэбы павышэньня субсыдыяў беларускай эканоміцы, да камуністаў, якія нягледзячы на інтэграцыйную рэторыку ня хочуць даць Лукашэнку шанец выступіць на расейскай палітычнай сцэне і адцягнуць на сябе значную частку іх уласнага традыцыйнага электарату. У шэрагі апанэнтаў інтэграцыі ўваходзяць і некаторыя расейскія губэрнатары, якія выступаюць супраць больш упрывілеяванага статусу Беларусі ў новай дзяржаве ў параўнаньні зь іхнымі рэгіёнамі.

Апрача таго, ліміт палітычнай інтэграцыі «на паперы» ўжо вычарпаны. Каб рухацца далей, абедзьве дзяржавы мусяць недвухсэнсоўна саступіць пэўныя дакладна акрэсьленыя паўнамоцтвы наднацыянальнаму заканадаўчаму і выканаўчаму ворганам. Аднак гэта супярэчыла б як поглядам Лукашэнкі, які заўсёды цьвердзіў, што Беларусь мусіць захаваць «поўную сувэрэннасьць», гэтак і сёньняшняй Пуцінавай палітыцы рэцэнтралізацыі Расеі.

У эканамічнай сфэры Расея мае падставы адчуваць усё большае незадавальненьне мэханізмам ускоснага субсыдыяваньня, які быў створаны ў сярэдзіне 90-х і ў значнай ступені захаваўся да сёньня. Субсыдыяваньне базуецца пераважна на двух элемэнтах. Першы — гэта асобныя цэны на энэрганосьбіты (напрыклад, 30 даляраў за тысячу кубамэтраў газу ў 1999-м і 27.9 даляраў у лютым 2000 году), якія ў 2-2.5 разы меншыя за тое, што плаціць Украіна. Ёсьць за гэтым і свая эканамічная лёгіка — беларускія прадпрыемствы ўдзельнічаюць у расейскім вытворчым працэсе як пастаўнікі, таму для Расеі выгадна мінімалізаваць кошты беларускай вытворчасьці. Тым ня менш, якая б ні была галоўная прычына, пры ільготных цэнах на электраэнэргію Расея фактычна бярэ на сябе частку эканамічных выдаткаў Беларусі. Да таго ж, хоць канкрэтных доказаў гэтаму й няма, ёсьць падозраньне, што Менск рээкспартуе расейскія энэрганосьбіты за ўсясьветныя цэны. Другі элемэнт — мытны саюз — з прычыны разыходжаньняў у тарыфах на розныя тавары паміж Расеяй і Беларусьсю і з-за адсутнасьці належнага памежнага кантролю, да нядаўняга часу зьяўляўся «дзіркай», празь якую ў Расею кантрабандай завозіліся тавары (у прыватнасьці, алькагольныя напоі), прычым аб‘ём гэтых апэрацыяў ацэньваецца на мільярды даляраў.

Урэшце, Расеі не ўдалося зрабіць так, каб двухбаковае збліжэньне азначала рэальную інтэграцыю абодвух народаў (хоць ня трэба забывацца, што прэзыдэнцкія выбары 1994 году ў Беларусі былі конкурсам на найлепшае абяцаньне збліжэньня з Расеяй, а папулярнасьць ідэі збліжэньня была пазьней пацьверджаная вынікамі рэфэрэндуму 1995 году). Да пэўнай меры выглядае, што ўвесь працэс адбываецца цяпер выключна ўнутры беларускага кіраўніцтва, якому патрэбная падтрымка Масквы. Гэта было відавочна падчас парлямэнцкіх выбараў у Беларусі: тым часам як ЗША і эўрапейскія арганізацыі праігнаравалі выбары, расейскія аглядальнікі і расейскае Міністэрства Замежных Справаў палічылі іх справядлівымі, назваўшы заходнюю рэакцыю «скрайне неаб’ектыўнай».

У аналітычным сэнсе адсутнасьць дыялёгу паміж афіцыйнай Масквой і беларускай апазыцыяй ня надта хвалюе Маскву. Пакуль апазыцыя застаецца расколатая і разьяднаная ды ня мае пераканаўчых пазытыўных выбарчых лёзунгаў, шанцы яе прыходу да ўлады вельмі малыя. У гэтай адсутнасьці кантактаў вінаватая ня толькі Масква. Адкідаючы саму ідэю палітычнай інтэграцыі і відавочна недаацэньваючы Лукашэнкаву здольнасьць супрацьстаяць ціску, апазыцыя выбрала Захад у якасьці адзінага палітычнага саюзьніка і змарнавала шанец паўплываць на Менск праз Маскву тады, калі тамтэйшы рэжым быў значна больш дэмакратычны. Трэба дадаць, што апазыцыя (не зусім справядліва) складае на Расею віну ў падтрымцы роспуску Лукашэнкам парлямэнту ў 1996 годзе, што абражае тых расейскіх палітыкаў, якія бралі ў тых падзеях асабісты ўдзел. Усё гэта толькі ўзмацняе ўяўленьне аб беларускім прэзыдэнце як аб адзіным партнэры Масквы.

Пошукі трэцяга шляху: прагматычная пазыцыя Масквы

Пасьля таго, як Уладзімер Пуцін у сакавіку 2000 году быў абраны прэзыдэнтам Расеі, ці нават пасьля ягонага прызначэньня на пасаду прэм’ера за восем месяцаў да таго, Расея паскорыла пошукі вырашэньня беларускай дылемы. Як звычайна, Масква шукае выйсьця, прыдатнага кампрамісу ў гэтай надзвычай супярэчлівай сытуацыі.

З аднаго боку, на сымбалічным і рэтарычным узроўні Масква надалей падкрэсьлівае стратэгічны прыярытэт дачыненьняў зь Беларусьсю. У гэтым духу ў красавіку 2000 году новаабраны прэзыдэнт Пуцін свой першы замежны візыт зрабіў у Менск. Беларусь — адзіная краіна СНД, якая была асобна згаданая ў Канцэпцыі заежнай палітыкі Расеі (у кантэксьце расейска-беларускага саюзу), зацьверджанай у ліпені 2000 году.

З другога боку, аднак, Расея імкнецца дэпалітызаваць гэтае пытаньне ў сваёй практычнай палітыцы. Разам з Дамовай сьнежня 1999 году аб стварэньні саюзу была прынятая праграма яе ажыцьцяўленьня, якая намеціла канкрэтныя тэрміны выкананьня тых або іншых юрыдычных і эканамічных працэдураў і задачаў у якасьці перадумоваў аб’яднаньня. Паводле стану на восень 2000 году, выкананьне гэтай праграмы адставала ад графіку. Варта таксама заўважыць, што выкананьне некаторых пунктаў праграмы заплянаванае на 2005 год (пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў), інакш кажучы, выходзіць за межы цяперашніяга расейскага палітычнага гарызонту. Няясна, калі будзе абірацца саюзны парлямэнт. Калі не лічыць стварэньня новай бюракратыі ў сыстэме выканаўчай улады, Масква хутчэй за ўсё запаволіць захады ў палітычнай сфэры. Гэта прадчувае і Аляксандар Лукашэнка, які падчас сустрэчы ў жніўні 2000 году зь лідэрам расейскіх камуністаў Генадзем Зюганавым наракаў на «запаволеньне» працэсу інтэграцыі і скардзіўся, што «тыя, хто некалі ўсяляк перашкаджаў падпісаньню [саюзнай дамовы], цяпер кіруюць тым, што было створана».

Расейская палітыка ў дачыненьні да Беларусі становіцца больш прагматычная, яна засяроджваецца на тых аспэктах, дзе мэты могуць быць дасягнутыя па-за ўсеабдымным палітычным кантэкстам. Найперш гэта, натуральна, эканамічная сфэра, дзе Расея мусіць максымальна зьменшыць свае страты. Увесну 2000 году, на вялікае расчараваньне Менску, Масква зноў увяла выбарачны кантроль над таварамі, што імпартуюцца зь беларускай тэрыторыі, для выяўленьня іх паходжаньня — тыя, што паходзяць не зь Беларусі, абкладаюцца расейскімі мытнымі зборамі. Падчас перамоўнага працэсу расейскі ўрад рашуча настойваў на захаваньні адзінага грашова-эмісійнага цэнтру ў Маскве пасьля ўвядзеньня ў 2005 годзе адзінай валюты. Нават дамоўлены ўклад Беларусі ў саюзны бюджэт 2000 году — адна траціна або 780 мільёнаў рублёў з 2.2 мільёнаў — непрапарцыйна вялікі, калі ўлічыць, што Расея выказвала гатовасьць заплаціць эканамічную цану за само стварэньне палітычнага саюзу.

Іншая зона актыўных дзеяньняў — ваенная інтэграцыя. Ня варта чакаць ні нарошчваньня збройных сілаў, ні дадатковага разьмяшчэньня ў Беларусі расейскага войска. Паводле расейскіх аглядальнікаў, Лукашэнкава пагрозьлівая заява пра стварэньне супольнай вайсковай групоўкі лікам 300 тысячаў чалавек мусіць быць інтэрпрэтаваная толькі як сума асабістага складу Беларускага войска (80 тысячаў), унутраных і памежных войскаў (60 тысячаў), войскаў Маскоўскай вайсковай акругі улучна з аддзеламі ўнутраных і памежных войскаў (150-170 тысячаў). Супрацоўніцтва магло б быць скіраванае на павышэньне ўзроўню ўзаемадзеяньня і баяздольнасьці. У гэтым сэнсе асабліва важную ролю адыгралі двое вайсковых вучэньняў. У жніўні 2000 году супрацьпаветраныя сілы абедзьвюх краінаў упершыню правялі манэўры ў Калінінградзе разам з караблямі і аддзеламі расейскага Балтыйскага Флёту; падобныя вучэньні раней адбыліся на расейскім палігоне ў Астрахані. У верасьні 2000 году расейскія самалёты ўжывалі беларускія аэрадромы. Двухбаковае ваенна-прамысловае супрацоўніцтва адпавядае ідэі ператварэньня ваенна-прамысловага комплексу ў «рухавік» эканамічнага росту. Дакумэнты аб супольным абаронным дзяржзаказе і аб заснаваньні супольнай міждзяржаўнай фінансава-прамысловай групы («Абаронныя сыстэмы») былі падпісаныя на пачатку 2000 году.

Ці гэтая новая прагматычная стратэгія ў дачыненьні да Беларусі будзе эфэктыўная ў сярэдне- і доўгатэрміновай пэрспэктыве — пакуль не вядома. У ёй, аднак, не прадугледжанае выпраўленьне некаторых істотных недахопаў працэсу інтэграцыі, і таму яна можа аказацца нядзейснай. Аднак, яна дэманструе, што (у адрозьеньне ад позьнеельцынскага пэрыяду) Масква імкнецца быць рашучым і ініцыятыўным удзельнікам інтэграцыйнай гульні.

Пераклаў

Сяргей Шупа


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org