RFE/RL |
Аўторак, 16 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Больш за 80 жыхароў Магілёва, пераважна актывісты магілёўскай абласной рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу, заявілі гарвыканкаму пра намер правесьці 3 лютага пікет, мітынг і дэманстрацыю. Гэтыя акцыі — пратэст супраць перасьледу актывістаў Свабоднага прафсаюзу і нежаданьня ўладаў рэгістраваць першасныя суполкі Свабоднага прафсаюзу. Цягам апошніх 14 месяцаў яны ня могуць зарэгістраваць у Магілёве свае першаснай арганізацыі. Чынавенства патрабуе, каб далі даведку пра юрыдычны адрас. Адрас жа адмаўляюцца прадастаўляць адміністрацыі прадпрыемстваў. Акрамя таго, з шэрагу прадпрыемстваў, у прыватнасьці з Заводу штучнага валакна й Магілёўскага аўтазаводу звольнілі старшыняў першасных арганізацыяў. Да гэтага часу аблвыканкам адмаўляецца пайсьці на перамовы зь лідэрамі Свабоднага прафсаюзу. Вядома, што суд Кастрычніцкага раёну задаволіў пазоў Свабоднага прафсаюзу з патрабаваньнем паставіць на ўлік некалькі першасных арганізацыяў у адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. Аднак рашэньне дагэтуль ня выкананае. Адначасова з накіраваньнем заявы чальцы Свабоднага прафсаюзу пачалі збор подпісаў сярод магілёўцаў, якія падтрымліваюць гэтую арганізацыю. Магілёўцы лічаць, што напярэдадні выбараў на прэзыдэнта іх пазбаўляюць права аб'яднацца ў прафсаюз ды не даюць кантраляваць выбараў, бо яны ня змогуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў. Удзельнікі акцыі 3 лютага таксама мяркуюць пратэставаць супраць зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню працоўных і затрымак з выплатай заробкаў. Аўтары заявы плянуюць наладзіць акцыю ў месцах, традыцыйна забароненых уладай: пікет ля аблвыканкаму, шэсьце па цэнтральнай вуліцы гораду і мітынг на Савецкай плошчы. На думку лідэра магілёўскай абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Юр'я Новікава, акцыі пратэсту — крайняя мера, але цяпер яны ня бачаць іншых магчымасьцяў паўплываць на ўлады. Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |