RFE/RL |
Аўторак, 16 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Сёньня на Цэнтральнай плошчы Барысава сябры філіяў Народнай Грамады і Маладой Грамады правялі акцыю-пэрфоманс, пад час якой запатрабавалі абсьледаваць псыхічны стан Аляксандра Лукашэнкі. Удзельнікі несанкцыянаванай акцыі былі затрыманыя. У 9:30 на Цэнтральны пляц Барысава выйшлі актывісты Народнай Грамады: Алеся Ясюк, Надзея Грачуха, Аляксандар Абрамовіч, а таксама сябра Маладой Грамады чатырнаццацігадовы Міхась Кузьняцоў і ягоны шаснаццацігадовы брат Зьміцер Кузьняцоў. Усе яны былі апранутыя ў белыя мэдычныя халаты ды шапачкі. У руках пікетоўшчыкі трымалі плякаты з наступным зьместам: “Патрабуем псыхіятрычнага асьведчаньня Аляксандра Лукашэнкі” і “Бывайце здаровы, Аляксандар Рыгоравіч”. Выпілаваны з фанэры твар Лукашэнкі таксама дэманстраваў гранічнае нездароўе. Як паведаміла Радыё Свабода Алеся Ясюк, сёньняшняя акцыя ёсьць рэакцыяй сацыял-дэмакратаў Барысава на мэдычны дыягназ лекара Шчыгельскага, што днямі надрукавала газэта Наша Свабода. (Ясюк: ) “Мы бачым, што краінай кіруе, магчыма, псыхічна нездаровы чалавек. Трэба нешта рабіць. Калі гэта звычайны чалавек, дык яго бяруць пад апеку родныя, а калі гэта кіраўнік краіны, дык трэба на гэта зьвярнуць увагу народу краіны”. Акцыя працягвалася толькі 15 хвілінаў, калі да пікетоўцаў па’ехаў аўтобус з нарадам міліцыянтам ды завез іх у пастарунак. Там супрацоўнікі інспэкцыі ў справах непаўнагадовых у прысутнасьці пэдагогаў 13 школы і сябры БГК Ларысы Грэбневай склалі пратакол аб затрыманьні братоў Кузьняцовых ды адпусьцілі тых. Гэткія ж патаколы дзяжурныя афіцэры ГРАЎС у прысутнасьць назіральніка праваабарончага цэнтру Вясна Зьміцера Бародкі хацелі аформіць на Аляксандра Абрамовіча, Алесю Ясюк і Надзею Грачуху, але сацыял-дэмакраты, што вось ужо паўтары гады праводзяць акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня нелегітымнай уладзе, адмовіліся падпісваць дакумэнты. Судзьдзя Аляксей Болатаў, да якога сёньня ж былі дастаўленыя арганізатары пікету-пэрфомансу, угледзеў у іх дзеяньнях абразу гонару і годнасьць прэзыдэнта краіны, што пагражае двума гадамі абмежаваньня ці пазбаўленьня волі з выкананьнем грамадзкіх працаў або шасьцю месяцамі хатняга арышту. Судзьдзя Болатаў сёньня ж накіраваў міліцэйскія пратаколы ў гарадзкую пракуратуру дзеля далейшага высьвятленьня акалічнасьцяў пікету-пэрфомансу і наступнага ўзбуджэньня крымінальнай справы супраць Абрамовіча, Ясюк і Грачухі. Але пакуль яны ўсе адпушчаныя судзьдзём дахаты. Алесь Мікалайчанка, Барысаў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |