RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 16 Cтудзеня 2001

Сёньня



Сёньня дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы на чале з Лордам Фрэнкам Джудам працягвае візыт у Чачню з мэтай азнаямленьня з сытуацыяй ў галіне правоў чалавека. Плёнам паездкі мае быць адмысловая справаздача, на падставе якой Парлямэнцкая Асамблея ў Стасбургу прыме рашэньне, ці аднавіць Расеі прыпыненае ў красавіку мінулага году права голасу…

Сёньня ў другі дзень паездкі ў Чачню дэлегацыя Рады Эўропы наведала штаб-кватэру фэдэральных сілаў у Ханкале, Грозным, а таксама адну з турмаў. Учора дэлегацыя наведала лягер для ўцекачоў у Знаменскім на поўначы Чачні, дзе жывуць 2400 чалавек. Відавочна запалоханыя ўцекачы, не выяўляючы сваіх прозьвішчаў, скардзіліся на нястачу вопраткі, лекаў, і нават харчоў. Кіраўнік дэлегацыі лорд Франк Джуд на ўласныя вочы ўбачыў, у якіх умовах жывуць уцекачы.

(Джуд: ) “Гэта вельмі сумна, што ўсё яшчэ ў Эўропе людзі жывуць узімку ў палатках, без аніякай надзеі хутка вярнуцца ў свае дамы. Я зайшоў ў адну з палатак, дзе жывуць дзьве сем’і, агулам 16 чалавек, і ўсе дзеці хварэюць на водру”

Драматычную сытуацыю чачэнскіх уцекачоў спрабуюць зьмякчыць гуманітарныя арганізацыі. 120 тысячаў чалавек карыстаюцца дапамогай арганізацыі “Лекары бязь межаў”. Аднак ААН ды некаторыя іншыя арганізацыі прыпынілі сваю дзейнасьць пасьля захопу на мінулым тыдні амэрыканца Кэнэта Гліка.

Расея абвінаваціла ў захопе амэрыканца чачэнскіх партызанаў, аднак вядома, што абмяжаваньне замежнай гуманітарнай дапамогі Масква прыняла з палёгкай. Расея і раней недвухсэнсоўна давала зразумець, што прысутнасьць гуманітарных арганізацыяў ў Чачні непажаданая.

Ня ў стане іх проста выслаць з рэспублікі, фэдэральныя сілы перашкаджалі іх бясконцымі праверкамі і прыдзіркамі. Кэнэта Гліка, які востра крытыкаваў дзеяньні Расеі ў Чачні, расейскае камандаваньне абвінаваціла ў зборы разьведвальнай інфармацыі.

Паводле праваабарончай арганізацыі Мэмарыял, расейскія ўлады стварылі ў Чачні атмасфэру “псыхалягічнага запалохваньня”. Яны самі ня хочуць дапамагчы цывільнаму насельніцтву Чачні і перашкаджаюць ў дабрачыннай дзейнасьці замежным арганізацыям.

Акрамя гуманітарнай сытуацыі ў Чачні, дэлегацыю Рады Эўропы хвалююць шматлікія выпадкі гвалту з боку фэдэральных сілаў у рэспубліцы. Ня толькі ў мінулым, але і зараз. Дэлегацыя хоча пераканацца на месцы, што Расея зрабіла дзеля расьследваньня і пакараньня адказных за грабяжы, катаваньні і масавыя забойствы.

Дарэчы, гэта было прычынай прыпыненья расейскага права голасу ў ПАРЭ.

Міжнародную супольнасьць хвалюе беспакаранасьць тых, якія робіць ваенныя злачынствы. “Там дагэтуль трывожны разрыў паміж колькасьцю зарэгістраваных правапарушэньняў, і тымі, якія сталіся прадметам судовага разьбіральніцтва”, - заявіў лорд Франк Джуд. Ён адзначыў, што на 500 зафіксаваных злачынстваў, толькі 10 справаў трапілі ў суд.

У адказ на крытыку на адрас Расеі, расейскі пасланьнік у пытаньнях правоў чалавека ў Чачні Ўладзімір Каламанаў толькі часткова прызнаў віну фэдэральных сілаў. Ён пацьвердзіў, што зьніклымі бяз весткі лічацца 462 чачэнцы і што за апошнія месяцы здарылася мноства выпадкаў захопу людзей.

З другога боку, Каламанаў адзначыў, што за апошнія тыдні створана 10-ць новых цывільных судоў і яшчэ дзесяць пачнуць дзейнічаць у хуткім часе. Паводле расейскага пасланьніка, суды расьсьледваюць усе выпадкі масавых забойстваў, у тым ліку гучныя забойствы ў вёсцы Алхан-Юрт. “Было б сьмешна цьвердзіць, што ў Чачні няма ніякіх правапарушэньняў з боку кантрольна-прапускных пунктаў і камэнданцкай гадзіны, аднак сытуацыя хутка папраўляецца”, - сказаў Каламанаў.

На думку Аляксея Малашэнкі з Фонду Карнэгі, 18 месяцаў пасьля заканчэньня асноўнай апэрацыі супраць партызанаў, “Расея не кантралюе сытуацыі ў рэгіёне, і ня ў стане гарантаваць элемэнтарную бясьпеку”. Нават прамаскоўскі адміністратар Чачні Ахмэд Кадыраў прызнаў, што ў такой сытуацыі трэба вывесьці частку фэдэральных сілаў з рэспублікі.

Кастусь Бандарук, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org