RFE/RL |
Панядзелак, 15 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Спынілі страйк гандляры Дзяржынску. На рэчавым рынку Дзяржынску сёньня прайшоў сход прыватных прадпрымальнікаў. Абмяркоўвалі наступныя дзеяньні мясцовых гандляроў, якія страйкуюць тут з 1 студзеня. Вось што паведаміў нашаму радыё прафсаюзны лідэр дзяржынскіх прадпрымальнікаў Валеры Сіманаў: "Вырашылі прыпыніць страйк ды з 16 студзеня выйсьці на працу й пачаць выплату падаткаў. На сходзе таксама былі падведзеныя вынікі акцыі. На рэспубліканскім узроўні, як вядома, улады пакуль не задаволілі прадпрымальніцкіх патрабаваньняў. Таму ня ўсе дзяржынскія прадпрымальнікі пагадзіліся з агульным рашэньнем спыніць пратэст. Некаторыя вырашылі й надалей не плаціць падаткаў. Аднак, відавочна, што такая ініцыятыва ўжо ня мае гэткага масавага характару, як мела наша акцыя з 1 студзеня", — зазначыў Валеры Сіманаў. Паводле ягоных словаў, на сёньняшняе рашэньне сходу дзяржынскіх гандляроў паўплывалі паводзіны прадпрымальнікаў у іншых рэгіёнах Беларусі. Як вядома, агульнанацыянальны страйк спыніўся яшчэ 5 студзеня. Зараз, паводле зьвестак Страйкавага камітэту, у краіне засталося ўсяго некалькі гарадоў, дзе працягваюцца акцыі пратэсту. Гэты пратэст мае пераважна адзінкавы характар. У Воршы, напрыклад, мінулымі выходнымі працавалі ўжо каля 70% гандляроў. Яны выйшлі на працу, нягледзячы на тое, што якраз Ворша зьяўляецца зараз для прадпрымальнікаў рэгіёнам павышанай небясьпекі. Рэч у тым, што суд над мясцовай прадпрымальніцай Ірынай Алесенкай тут пакуль не прынес вынікаў. Больш за тое, 18 студзеня ў Воршы, як паведаміў сёньня нашаму радыё лідэр мясцовай суполкі Свабоднага прафсаюзу Аляксандар Сталяроў, заплянаваны суд над яшчэ адной прадпрымальніцай — Тацянай Бутоўскай. Абедзьве гандляркі ў пазове Аршянскай мытні фігуруюць як парушальніцы цяперашніх парадкаў, зьвязаных з таварамі “трэціх” краінаў, што ўвозяцца ў Беларусь з Расеі. Падобна, аднак, на тое, што ўлады, як лічыць Аляксандар Сталяроў, асьцерагаюцца стварыць небясьпечны прэцэдэнт. Асьцерагаюцца таму, што судовы вырак здольны выклікаць новую хвалю прадпрымальніцкага пратэсту. Але калі да парушэньняў мытнага заканадаўства назіраецца пакуль асьцярожны падыход з боку ўладаў, то за парушэньні іншых правілаў гандлю, наадварот, перасьлед узмацняецца. Гаворыць намесьнік старшыні Страйкаму Леанід Каліценя: "У Вялейцы, у Наваградку, учора ў Менску на рынку “Дынама” былі спробы канфіскаваць тавары на падставе прэзыдэнцкага дэкрэту № 14. За адсутнасьць сэртыфікатаў якасьці. Мы зараз рыхтуемся да паседжаньня Каардынацыйнай рады прыватных прадпрымальнікаў, куды маюць намер прыехаць прафсаюзныя лідэры з усіх куткоў Беларусі. Паседжаньне гэтай рады мае адбыцца пасьля 20 студзеня", — зазначыў Леанід Каліценя. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |