RFE/RL |
Панядзелак, 15 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
У нядзелю збольшага пачалі працу прадпрымальнікі рэчавага рынку Рэчыцы. У Рагачове дробныя гандляры прамысловымі таварамі адновяць працу пасьля страйку заўтра, 16 студзеня. І рэччане, і рагачоўцы былі найбольш салідарныя ў Гомельскай вобласьці, адстойваючы свае правы. Яны працягвалі страйк, нягледзячы на тое, што суседзі — прадпрымальнікі Калінкавічаў, Мазыру і нават абласнога цэнтру — спынілі свае акцыі пратэсту яшчэ 6 студзеня. Па агульным меркаваньні, на працягласьць страйку ў Рэчыцы й Рагачове найперш паўплывала арганізаванасьць. Якраз у Рэчыцы напрыканцы мінулага году была створаная гарадзкая суполка Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў, на сходзе якой дробныя гандляры ўпершыню прыйшлі да высновы, што ўціск уладаў пагражае існаваньню дробнага бізнэсу. У Рагачове ўтворанае Грамадзкае аб'яднаньне прадпрымальнікаў, якое ўзначаліў Уладзімер Ціхінскі. Аб'яднаньне выступіла каардынатарам акцыі пратэсту. Тым ня менш, агульнага задавальненьня ад страйку ў рэгіёне ў дробных бізнэсоўцаў няма. Яны адчулі раздробленасьць і нескардынаванасьць тэрмінаў дзеяньняў у розных гарадох краіны. Да таго ж праблемы дробных бізнэсоўцаў на ўзроўні ўраду пакуль ня вырашаны. Мясцовыя ўлады таксама імкнуліся не рэагаваць на акцыю пратэсту, паколькі з-за яе не панесьлі істотных фінансавых стратаў. Паводле беларускага заканадаўства, прадпрымальнікам зьніжаюцца падаткі на 20% толькі тады, калі яны не працуюць 14 і больш працоўных дзён. Вось што распавяла намесьніца старшыні Рагачоўскага аб'яднаньня прадпрымальнікаў Ала Гурэвіч: (Гурэвіч: ) "Атрымліваецца, што мы падаткі заплацілі, а працаваць не працавалі. Мы сваіх прыбыткаў не атрымалі, а дзяржава, за невялікім выключэньнем, іх мела. Трэба шукаць больш эфэктыўных захадаў для дзяржавы — каб яна адчула, хто такія прадпрымальнікі. І каб гэтыя захады былі не такія балючыя для самых бізнэсоўцаў. Лепей нават не працаваць месяц і не плаціць падаткаў наогул". Старшыня Свабоднага прафсаюзу з Рэчыцы Зураб Барбакадзэ лічыць, што больш заўважнымі за кароткатэрміновыя страйкі могуць быць пэрыядычныя мітынгі, на якіх прадпрымальнікі публічна заявяць гараджанам пра нявырашаныя ўладамі праблемы. Барбакадзэ перакананы, што ўціск, і асабліва канфіскацыя маёмасьці дробных прадпрымальнікаў за нязначныя парушэньні, будзе ўзмацняцца: для ўладаў — гэта адна з крыніцаў папаўненьня сродкаў на наступныя прэзыдэнцкія выбары. Казімер Яноўскі, Рэчыца
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |