RFE/RL |
Панядзелак, 15 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
А.Лукашэнка ня раз казаў, што ўмацаваньню саюзу Беларусі й Расеі замінаюць вышэйшыя асобы ў Маскве. Аднак афіцыйныя дакумэнты паказваюць, што прынятых абавязкаў не выконвае менавіта беларускі бок. Летась вынікі выкананьня бюджэту саюзу Беларусі й Расеі былі наступныя: Беларусь пералічыла толькі 29,8% ад патрэбнай сумы. Расейскі бок выканаў свае абавязацельствы на 101,1%. Гэтыя лічбы ўзятыя з справаздачы пра ход выкананьня бюджэту. Дакумэнт паказвае, што Беларусь цалкам праігнаравала фінансаваньне саюзных праграмаў вытворчасьці інтэгральных мікрасхемаў, малочнай прадукцыі, разьвіцьця швейнага машынабудаваньня, а таксама стварэньня тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі саюзу Беларусі й Расеі. Якія ж мэты былі для беларускага боку прыярытэтнымі? Цалкам прафінансаваныя аказаліся ў саюзным бюджэце некаторыя праграмы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Не было праблемаў з выдзяленьнем грошай для правядзеньня "Славянскага базару" ў Віцебску, Дзён культуры Рэспублікі Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі. На першы плян выйшлі вайсковае супрацоўніцтва ды культурныя мерапрыемствы. Мабыць, невыпадкова, бо менавіта гэтыя галіны даюць магчымасьць найбольш выгоднай раскруткі рэальнага кіраўніка беларускай дзяржавы. Нельга не адзначыць, што ўпершыню Беларусь ня выканала сваіх фінансавых абавязкаў гэтак значна. Чым можна гэта патлумачыць? Вось што кажа дэпутат ВС Беларусі 13-га скліканьня Вячаслаў Герасіменка. (Герасіменка: ) "Я асабіста бачу тут некалькі прычынаў. Па-першае. У 1996 годзе, калі працаваў наш Вярхоўны Савет, бюджэт рэспублікі быў каля 4,5 мільярдаў даляраў. На гэты год бюджэт рэспублікі — 1,5 мільярды даляраў. Як бачыце, 3 мільярды даляраў зьніклі бясьсьледна. Другая прычына — зараз адчуваецца подых халадку з боку Крамля да Лукашэнкі. Гэта добра бачна па сродках масавай інфармацыі. Я ня думаю, каб ён быў зацікаўлены пераводзіць грошы туды, дзе наўрад ці пасьля знойдзе падтрымку. Трэцяе — тое, што Лукашэнка ўжо пачаў перадвыбарны марафон. Так што ня трэба сумнявацца, што грошы гэтыя пайшлі на перадвыбарную агітацыю Лукашэнкі. Хачу яшчэ прыклад прывесьці: на гэты год у бюджэце ня толькі няма грошай на набыцьцё тэхнікі для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, няма грошай нават на рамонт гэтае тэхнікі. Адзінае, што засталіся грошы на паліва й на насеньне. Пайшлі ўсе грошы на перадвыбарную агітацыю", — кажа дэпутат ВС 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка. І апошняе. Бясспрэчным лідэрам па фінансавым забесьпячэньні летась стаў выканкам саюзу Беларусі й Расеі. На ўтрыманьне апарату гэтай установы было накіравана два мільёны даляраў, што складае амаль што 123% ад заплянаванага. Між тым, дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Павал Барадзін амаль у кожным інтэрвію гаворыць пра тое, што на гэтую ўстанову выдаткоўваюцца літаральна капейкі. Магчыма, што для Паўла Паўлавіча гэта й сапраўды мізэр. Хаця тыя, хто чакаў фінансаваньня прадугледжаных праграмаў, мабыць, так ня лічаць. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |