RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 15 Cтудзеня 2001

Сёньня



(эфір 13 студзеня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Міністэрства культуры ўхваліла новую канцэпцыю разьвіцьця Нацыянальнага музэю гісторыі і культуры, разьлічаную на 5 гадоў. Паводле міністра, Леаніда Гулякі, у музэй “страшна заходзіць: і экспазыцыя, і сам будынак ствараюць жахлівае ўражаньне”. Між іншага, адмыслова для гістарычнага музэю ў 67-м годзе быў узьведзены новы будынак на Цэнтральнай плошчы, але Машэраў загадаў аддаць яго музэю Вялікай Айчыннай вайны. З прычыны нястачы экспазыцыйнай прасторы музэй гісторыі і культуры можа паказаць ня больш за 5% сваіх багацьцяў. Міністар Гуляка патрабуе, каб у экспазыцыі была шырэй паказаная сучаснасьць — і ў такі спосаб, каб агітавала галасаваць на Лукашэнку.

Больш за тры тыдні доўжылася ў Менску дабрачынная акцыя “Божае Нараджэньне-2000”, якую наладзіла “Хрысьціянскае творчае згуртаваньне” пратэстанцкіх грамадаў. Адбыліся некалькі дзясяткаў калядных сьвятаў і канцэртаў у шпіталях, інтэрнатах для дзяцей-сіротаў, вайсковых частках і дамах састарэлых, наркалягічным і сухотным дыспансэрах, клініцы радыяцыйнай мэдыцыны. У канцэртных праграмах узялі ўдзел выканаўцы хрысьціянскай музыкі Алеся Ўнукоўская і Зьміцер Даўкш, а таксама гурты “Новы Ерусалім”, “Аазыс” і “Псальмяры”.

У Беларускім тэатры опэры адбылася шматкроць адкладаная прэм’ера опэры “Барыс Гадуноў”, да якой тэатар рыхтаваўся тры гады. Гэта ўжо другая опэрная пастаноўка вядомага рэжысэра драмы Мікалая Пінігіна. У спэктаклі бярэ ўдзел рэкордны склад выканаўцаў: 25 пэрсанажаў-салістаў, 70 чалавек хору, два аркестры, артысты балету і пантамімы. Гігантычная дэкараця была сабраная паводле праекту мастака Зіновія Марголіна на адным з ваенных заводаў. Партыю Барыса Гадунова, стомленага болем сумленьня цара-злачынцы, сьпявае Яраслаў Пятроў.

Рыхтуецца паседжаньне Рады бясьпекі, на якім будзе разглядацца далейшы лёс беларускіх помнікаў культуры. Пад аховаю дзяржавы цяпер знаходзіцца больш за 15 тысячаў аб’ектаў, пераважна помнікаў архітэктуры. Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры хадайнічае перад вышэйшымі ўладамі аб дазволе скараціць у некалькі разоў сьпіс помнікаў, бо пры цяперашнім фінансаваньні захаваць належным чынам можна толькі асобныя зь іх. Помнікамі ўсясьветнай значнасьці UNESCO прызнае пакуль што толькі два беларускія аб’екты — Мірскі замак і Белавескую пушчу, бо ўсе астатнія знаходзяцца ў надта жахлівым стане.

У другой палове студзеня Лукашэнка плянуе наведаць кінастудыю “Беларусьфільм”, каб заслухаць справаздачу пра выкарыстаньне прэзыдэнцкага гранту на закуп новага абсталяваньня для кінавытворчасьці. У выніку інфляцыі вялікая частка тых грошай была змарнаваная, а іншая пайшла на эўрарэмонт кабінэтаў кіраўніцтва студыі. Агучваньне новых фільмаў у сыстэме Dolbi даводзіцца рабіць у Маскве. “Беларусьфільм” абяцае выпусьціць сёлета 4 мастацкія стужкі, прычым упершыню ўсе ролі будуць выконваць толькі беларускія артысты, бо на грабежніцкія ганарары для расейскіх зорак грошай у студыі ўжо няма.

Юрась Барысевіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org