RFE/RL |
Панядзелак, 15 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Дзяржава больш не пагражае існаваньню Беларускага гуманітарнага ліцэю. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды 10-годзьдзя гэтае ўнікальнае навучальнае ўстановы заявіў ейны кіраўнік Уладзімер Колас. Фактычная гісторыя Беларускага гуманітарнага ліцэю пачалася болей за дзесяць гадоў таму — у 1990 годзе. Тады групаю прадстаўнікоў нацыянальнае навуковае ды творчае эліты была ўтвораная ініцыятыўная група, якая дамаглася ад ураду Кебіча адпаведнага рашэньня. Як вынік — менскі адрас па вуліцы Кірава,21 стаў надзвычай прыцягальным для сотняў сталічных й ня толькі старшаклясьнікаў. Тыя, хто вытрымаў адпаведныя іспыты ды займеў ганаровае званьне ліцэіста, нават не ўяўляюць, як бы склаўся іхны лёс бяз гэтае навукі. Гаворыць выпускнік 1993 году, а цяпер асьпірант Інстытуту гісторыі Нацыянальнае Акадэміі навук Максім Чарняўскі: (Чарняўскі: ) "Я думаю, што сапраўды многае б было інакш, калі б я ня трапіў у ліцэй, а працягваў бы вучыцца ў сваёй школе. Ліцэй даў вялікае кола кантактаў, знаёмых, каторыя вырашалі далейшы мой лёс і маё жыцьцё. Ліцэй даў значна больш ведаў за школу, зь якой я пайшоў. Магу сказаць, што на гістфаку БДУ я дзесьці да 3-га курсу ўключна вучыўся коштам тых ведаў, што я атрымаў у ліцэі, і вучоба не вымагала ў мяне тых высілкаў, што ў іншых студэнтаў. Таксама ў ліцэі зараджаліся некаторыя моладзевыя й дзіцячыя рухі, прыкладам, дастаткова вялікую ролю ў ліцэі адыгрывалі скаўты — гэта Аб'яднаньне беларускіх скаўтаў. Таксама важная прыступка ў маім жыцьці. Напраўду, большая частка таго, чым я цяпер займаюся, пачыналася менавіта ў ліцэі. Таму складана ўявіць маё жыцьцё бяз гэтага этапу, этапу ліцэйскага". За гады свайго існаваньня ліцэй выпусьціў 380 чалавек. Навуковыя ды творчыя працы многіх зь іх сёньня красуюцца ў ліцэйскай бібліятэцы на выставе побач з кнігамі іхных выкладчыкаў. Інтэлектуальныя здабыткі сваіх выхаванцаў пэдагогі наўмысна ставяць побач са сваімі. Атмасфэра дэмакратызму дачыненьняў дапамагае фармаваць высокія сьветаглядныя ідэалы. Вось што думае пра сваю вучобу тут сёлетні выпускнік Аляксей Сысоў. (Сысоў: ) "Я нават не чакаў, што ўсё гэтак для мяне складзецца. За гэтыя чатыры гады я зразумеў, што на нашых уроках можна атрымліваць асалоду. Я зразумеў, што навука — справа не такая ўжо і сумная. Ліцэй даў тое, чаго ніхто іншы ня даў бы. Дзякуючы настаўнікам ды ліцэістам, сёньня я адчуваю сябе ня толькі грамадзянінам, але сапраўдным беларусам, сва сваёй беларускай годнасьцю. Гэта пачуцьцё цудоўнае. Ліцэй — такая ўстанова, якой я сапраўды шукаў чатыры гады таму і дзякуй Богу, знайшоў". Між тым, за кароткі час ліцэй ня раз трапляў пад пагрозу закрыцьця. Асабліва складанымі былі 1997-98 гады, калі дзеля захаваньня ліцэю спатрэбіліся амаль бесьперапынныя акцыі выкладчыкаў, ліцэістаў, іхных бацькоў ды праваабарончых арганізацыяў. Ці пагроза закрыцьця адзінае цалкам беларускамоўнае навучальнае ўстановы перадунівэрсытэцкага тыпу больш не існуе? Як наогул цяпер дзяржава ставіцца да ліцэю, якому яна паўтары гады таму надала імя Якуба Коласа. Гаворыць дырэктар Уладзімер Колас. (Колас: ) "Ставіцца, я думаю, нармальна, — як і павінна ставіцца ўлада да такой навучальнай установы. Зь Міністэрствам адукацыі ў нас ніколі не было вялікіх праблемаў. Ёсьць пэўныя матэрыяльныя цяжкасьці — мы ня можам цалкам рабіць усё так, як нам хацелася б. Але мы разумеем фінансава-эканамічнае становішча і ня вельмі настойлівыя ў сваіх патрабаваньнях нейкіх зьменаў". Намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі дадаў да гэтага, што цяпер трэба ўжо дамагацца адкрыцьця Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Каб забясьпечыць выпускнікам пераемнасьць элітнае нацыянальнае адукацыі. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |