RFE/RL |
Пятніца, 12 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Пасьля 11 дзён страйку наваполацкія “чаўнакі” правялі сёньня сход, на якім вырашалі пытаньне: выходзіць на працу ці працягваць страйкаваць. Вырашылі спыніць страйк 15 студзеня. Сход праходзіў у эмацыйным ключы і быў больш падобны на мітынг. Выступаючы перад калегамі старшыня мясцовага прафсаюза дробных прадпрымальнікаў Валер Шаўчэнка перш-наперш дэзавуяваў заявы прадпрымальніцкай грамады пра тое, што пяцідзённы студзеньскі страйк быў пасьпяховым. (Цытую): “Страйкавая акцыя можа быць пасьпяховай толькі ў адным выпадку – калі улады ідуць на саступкі. Пяцідзённая навагодняя гулянка такіх задачаў ня выканала, а таму называць яе пасьпяховай папросту недарэчна”. (канец цытаты) Улады, – сказаў выступоўца, – ні на якія кампрамісы ісьці не жадаюць, што і засведычыў на днях намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту фінансавых расьледаваньняў Каласоўскі. Пад час нефармальнай гутаркі з прадпрымальнікамі ён заявіў, што ўсе нарматыўныя акты, у тым ліку і датычныя мытнага афармленьня тавараў, застаюцца ў сіле і наўрад ці будуць перагледжаныя. У такой сытуацыі адзінае, што можа схіліць улады да кампрамісу, – гэта ўсебеларускі страйк дробных прадпрымальнікаў. Менавіта яго ўлады і баяцца, а таму імі была абраная бясхібная тактыка выбарачнага здушэньня найбольш актыўных прадпрымальнікаў у рэгіёнах, каб потым узяцца за сталіцу і абласныя гарады. Дарэчы асноўнае, што турбавала і непакоіла прадпрымальнікаў на сходзе, – менавіта адсутнасьць іх страйкавай акцыі ў іншых буйных гарадах Беларусі. Эмацыйнага прыску падсыпала і прадстаўніца адміністрацыі рынку, якая, узяўшы слова, заявіла наступнае: “Калі ў панядзелак “чаўнакі” ня выйдуць на працу, яны страцяць свае гандлёвыя месцы”. На хвалі людзкога абурэньня старшыня прафсаюзу прапанаваў страйкаваць да канца месяца, аднак бальшыня такой прапановы не падтрымала і выказалася за спыненьне страйку з 15 студзеня. Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |