RFE/RL |
Пятніца, 12 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Супрацоўнікі пракуратуры цягам 10 дзён павінны вызначыць, якія захады будуць узятыя да рэдакцыі газэты “Наша Свабода” з нагоды публікацыі артыкула “Врачебное заключение”. Юрысты лічаць, што сёньняшняя публікацыя пра псыхічнае захворваньне Лукашэнкі будзе мець для рэдакцыі “Нашай Свабоды" наступствы згодна з Крымінальным або Грамадзянскім кодэксам. Bось меркаваньне старшага падручнага гарадзкога пракурора Алега Агафонава: (Агафонаў: ) “Псыхіятрычная экспэртыза звычайна праводзіцца ў стацыянары, і яна прызначаецца ў тых выпадках, калі гаворка ідзе пра цяжкае злачынства. Бывае, што за асобай там назіраюць некалькі месяцаў. Што тычыцца газэты, то я сёньня яе не чытаў. Я павінен чытаць тую прэсу, якую мы выпісваем. Спачатку газэты ідуць пракурору гораду, а потым ужо мы атрымліваем. Найхутчэй гэтым будзе займацца рэспубліканская пракуратура з улікам значнасьці справы. А я… Я пайду пашукаю “Свабоду”". У Рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў, які займаецца пытаньнямі прэсы, паведаміў Радыё Свабода, што інфармацыя да іх паступіла, і кіраўніцтва цягам 10 дзён вызначыць, якія менавіта меры ўзьдзеяньня да газэты будуць выкарыстаныя. (Таранаў: ) "Будуць прынятыя меры, якія прадугледжаныя законам. Ёсьць Закон аб друку, ёсьць Крымінальны кодэкс. На іх мы й будзем абапірацца. Гэта ж прэзыдэнт, найвышэйшая службовая асоба, кіраўнік ураду. Трэба ж думаць. Разьбярэмся часам ад трох да дзесяці дзён”. Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |