RFE/RL |
Пятніца, 12 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Палітычны камітэт Рады Эўропы на паседжаньні ў Страсбургу 22-га ці 23-га студзеня ізноў будзе разглядаць беларускае пытаньне. Беларускае пытаньне — гэта статус Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Яшчэ ў студзені 1997 году бюро Парлямэнцкай асамблеі прыпыніла статус "адмыслова запрошанага" для найвышэйшага заканадаўчага органу Беларусі. Прычына — уплывовая міжнародная арганізацыя не прызнае вынікаў лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году. З той пары ўлады Беларусі просяць разгледзець пытаньне пра вяртаньне страчанага статусу, і структуры Парлямэнцкай асамблеі штогод яго разглядаюць. Пры гэтым штораз канстатуюць, што перагледзець рашэньне немагчыма, бо Беларусь моцна адстае ад стандартаў Рады Эўропы што да плюралістычнай дэмакратыі, вяршынства права і правоў чалавека. Апошні разгляд адбыўся роўна год таму — асамблея абмеркавала даклад Вольфганга Бэрандта й пацьвердзіла свае ранейшыя высновы. Традыцыйна ў Страсбургу выкладалі свой погляд на сытуацыю ў Беларусі дзьве беларускія дэлегацыі — ад Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і ад гэтак званай Палаты прадстаўнікоў 1-га скліканьня. Сёлета на паседжаньне таксама запрошаныя дзьве дэлегацыі — адна ад гэтак званай Палаты 2-га скліканьня, другая ж — не ад Вярхоўнага Савету, а ад палітычнай апазыцыі. Чым можна патлумачыць адмову міжнароднай арганізацыі запрасіць дэпутатаў Вярхоўнага Савету? Камэнтуе гэтую сытуацыю старшыня Камісіі па мэдыях пры прэзыдыюме ВС 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк. (Нісьцюк: ) "Цяпер вагаюцца многія парлямэнтары ня толькі ва Ўсходняй Эўропе, але і ў Заходняй Эўропе. Па-першае, трэба прызнаць, што Вярхоўны Савет як структура многага не зрабіў, што мусіў бы зрабіць за гэты час. Ад'езд спадара Шарэцкага, зьнікненьне спадара Ганчара… І тое, што ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету зараз вельмі складана з прадстаўніцтвам палітычных партыяў — ад камуністаў да больш такіх радыкальных сілаў. Гэта не дае аб'яднаць рэшту дэпутатаў Вярхоўнага Савету для актыўнай і карыснай працы. Існаваць шмат гадоў толькі як сымбаль, сьцяг барацьбы за дэмакратыю — немагчыма. Трэба дэманстраваць канкрэтную працу. Па-другое, я бачу, што ўдзел вялікай групы дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў выбарах у Палату прадстаўнікоў паказаў цікавасьцьь дэпутатаў Вярхоўнага Савету да новай улады. І яны ж цяпер дапамагаюць прызнаць новую ўладу больш легітымнай за тую ўладу, што была выбраная ў 1996 годзе", — разважае дэпутат ВС Уладзімер Нісьцюк. Варта ўвагі й тое, што склад беларускай дэлегацыі ад апазыцыі вызначыла непасрэдна Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы. У Страсбург, згодна зь цяперашняй інфармацыяй, запрошаныя Ўладзімер Ганчарык, Сямён Домаш і Міхаіл Чыгір. Гэта выклікала адпаведную рэакцыю гэтак званай Палаты прадстаўнікоў. Там палічылі, што эўрапейцы гэтак "раскручваюць" патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі. Таму, паводле інфармацыі з парлямэнцкіх кулюараў, хочуць выключыць са складу сваёй дэлегацыі Вольгу Абрамаву і Ўладзімера Навасяда і замяніць іх на дэпутатаў з больш кансэрватыўнымі поглядамі. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |