RFE/RL |
Чацьвер, 11 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Сьмерць на лейкемію некалькіх ветэранаў міратворчых сілаў НАТО на Балканах выклікала трывогу эўрапейскай грамадзкасьці. Кіраўніцтва НАТО ў адказ падало шырокую інфармацыю, зь якой вынікае, што выкарыстаньне зброі з нізкім утрыманьнем урану ня мае сувязі з захворваньнем. Міністар абароны Італіі паведаміў, што ўжо сем італьянскіх ветэранаў вайны на Балканах памерлі ад лейкеміі – раку крыві. У цэлым у краінах Заходняй Эўропы памерлі ад лейкеміі 15 былых жаўнераў са складу міратворчых сілаў НАТО. Пра гэта піша сёньняшняя News York Times. “Мы ня будзем купляць, альбо выкарыстоўваць такую зброю, зважаючы на магчымую пагрозу для навакольнага асяродзьдзя і для здароўя пэрсаналу, які зь ёй працаваў,” – цытуе газэта прэсавага сакратара міністэрства абароны Нідэрляндаў. Канцлер Нямеччыны Гэльмут Шродэр таксама раней на гэтым тыдні заклікаў НАТО спыніць выкарыстаньне гэтай зброі, нават ў выпадку, калі ня будзе выўлена выпадкаў пагаршэньня здароўя сярод нямецкіх жаўнераў. Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан заявіў, што альянсу няма чаго хаваць, і што ўся інфармацыя будзе распаўсюджаная, каб супакоіць грамадзкасьць. Паводле словаў Робэртсана, якія прыводзіць іншая амэрыканская газэта – Washington Post, выкарыстаньне снарадаў зь нізкім утрыманьнем урану для бамбаваньня аб’ектаў у часе ваеннай апэрацыі ў Югаславіі не пагражала здароўю вайсковага пэрсаналу. Аднак, працягвае газэта, “урады эўрапейскіх краінаў у будучым двойчы падумаюць, перш як адправіць сваіх жаўнераў для ўдзелу ў місіі НАТО, ведаючы, што амэрыканцы й брытанцы будуць выкарыстоўваць зброю з утрыманьнем урану”. Аб гэтым заявіў прэзыдэнт парлямэнцкай асамблеі НАТО, дэпутат парлямэнту Гішпаніі Рафаэль Эстрэля. Рашэньне НАТО распаўсюдзіць інфармацыю адносна выкарыстаньня такой зброі было ўхваленае ўчора на сустрэчы прадстаўнікоў 19 краінаў-сябраў альянсу. Яе ўдзельнікі апісваюць паседжаньне як незвычайна бурлівае. Заклікі Італіі, Нямеччыны, Грэцыі й Нарвегіі вывесьці з арсэналаў НАТО баепрыпасы зь нізкім утрыманьнем урану былі рашуча адпрэчаныя ЗША, Вялікай Брытаніяй і Францыяй. Паводле заявы ЗША, мараторы на такую зброю ўспрымаўся б як доказ віны і мог бы быць выкарыстаны ваеннымі злачынцамі, каб перакласьці сваю адказнасьць на кіраўніцтва краінаў НАТО. “Мы мусім будаваць свой аналіз на фактах, але не здагадках. Я пагадзіўся б не выкарыстоўваць гэтую зброю, калі б пераканаўся, што яна небясьпечная,” – сказаў Робэртсан журналістам. Снарады зь нізкім утрыманьнем урану выкарыстоўваюцца ў якасьці процітанкавай зброі, паколькі яны выклікаюць разбурэньне самай моцнай брані, – удакладняе Washington Post. Брытанская Financial Times піша, што ЗША імкнуцца не дапусьціць расколу ў НАТО з-за так званага балканскага сындрому. Паводле амэрыканскіх экспэртаў-мэдыкаў, якія выступілі ўчора з тлумачэньнямі ў штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі, дасьледаваньні гэтага пытаньня вяліся, пачынаючы з 91 году, і яны ня выявілі сувязі паміж выкарыстаньнем снарадаў з утрыманьнем нізкаактыўнага ўрану і лейкеміяй. Усяго ў часе вайны ў Босьніі ў 94-95 гадах і ў Косаве ў 99-м годзе было выкарыстана каля 42 тысячаў такіх снарадаў. Кіраўніцтва НАТО заклікала ўлады краінаў-сябраў альянсу супакоіць грамадзтва, прадставіўшы яму навуковыя доказы бясьпекі выкарыстаньня зброі зь нізкім утрыманьнем урану. Адразу пасьля выступу экспэртаў Пэнтагону перад журналістамі, прэсавы сакратар НАТО паклаў сабе ў кішэню штаноў маленькі баепрыпас з утрыманьнем радыеактыўных мэталаў, каб пераканаць усіх, што няма падставаў баяцца ягонага выпраменьваньня. Віталь Тарас, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |