RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 11 Студзеня 2001

Сёньня:



Беларускае МЗС абвесьціла, што амбасадар ЗША Майкл Козак ня будзе запрошаны на прыём для менскага дыпляматычнага корпусу, які ладзіцца ад імя Аляксандра Лукашэнкі ў суботу.

З пачатку студзеня крыніцы ў беларускім дыпляматычным ведамстве казалі, што А.Лукашэнка мусіць прыняць даверчыя граматы ад амэрыканскага амбасадара да 13 студзеня, калі ладзіцца традыцыйны прыём для дыпляматаў на стары Новы год.

Крыніцы сьцьвярджалі, што спадар Лукашэнка ня можа ўпершыню сустрэцца з амбасадарам Козакам на прыёме — без папярэдняга ўручэньня граматаў, — ды й не запрасіць кіраўніка місіі ЗША на гэты прыём таксама ня можа. Можа, як стала вядома сёньня.

На традыцыйным брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў я запытаўся ў прэсавага сакратара гэтага ведамства Паўла Латушкі, ці будзе запрошаны на прыём амбасадар Козак…

(Латушка: ) "Па той інфармацыі, якую мае Міністэрства замежных справаў, такі прыём плянуецца 13 студзеня. Ад імя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі запрашэньня прызначанаму паслу Злучаных Штатаў Амэрыкі Майклу Козаку на гэты прыём не накіроўвалася".

А перад гэтым прэсавы сакратар МЗС адказаў на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, што новага чуваць пра даверчыя граматы Майкла Козака.

(Латушка: ) "Гэтага пытаньня Міністэрства замежных справаў Беларусі не камэнтуе. Хацеў бы толькі адзначыць, што мы разглядаем тую заяву, якая была надрукаваная ў тым ліку ў газэце "Народная воля", як беспрэцэндэнтны па сваім характары ў дыпляматычнай практыцы выпадак".

Нагадаю, што амбасадар Козак ў інтэрвію газэце “Народная воля” адзначыў нелегітымнасьць беларускіх уладаў, прычым ня толькі заканадаўчай, але й выканаўчай.

Гэтае інтэрвію выклікала рэзкую заяву прэсавага сакратара МЗС, але ў той жа заяве былі словы пра тое, што дата ўручэньня даверчых граматаў амбасадарам ЗША ўзгадняецца. Цяпер прэсавы сакратар пра ўзгадненьне ня кажа ніводнага слова.

А сам міністар замежных справаў ды віцэ-прэм’ер Міхал Хвастоў сказаў мне пасьля брыфінгу, што запрашэньне Майклу Козаку на прыём сапраўды не накіроўвалася й што дата ўручэньня граматаў ўжо не ўзгадняецца.

Вядома, гэта можна ўжо было зразумець пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка прыняў 4 студзеня даверчыя граматы ад амбасадара Мадагаскару, што амэрыканская місія ў Менску палічыла парушэньнем Венскае канвэнцыі пра дыпляматычныя зносіны. Аднак сёньня ўпершыню афіцыйна заяўлена, што прымаць даверчыя лісты ад амбасадара Козака спадар Лукашэнка пакуль не зьбіраецца.

Амбасада ЗША вырашыла на гэтую заяву сёньня не рэагаваць. Варта нагадаць, што сам М.Козак лічыць сябе паўнавартасным амбасадарам. А Джон Кунстатэр, які быў кіраўніком амэрыканскае дыпляматычнае місіі да прыезду спадара Козака ў Менск 20 кастрычніка, тыдзень таму гэтак адказаў на маё пытаньне, ці зможа амбасадар Козак працаваць наагул без уручэньня даверчых граматаў А.Лукашэнку:

(Кунстатэр: ) "Амбасадар, які прыбывае, можа распачаць выкананьне афіцыйных абавязкаў, калі ён прадставіў сапраўдную копію ягоных даверчых лістоў Міністэрству замежных справаў альбо іншаму, якое вызначана як міністэрства, што іх прымае. Ён гэта зрабіў у пачатку лістапада".

Цікава, як адрэагуюць на такое разьвіцьцё падзеяў іншыя заходнія амбасадары ў Менску. Як сказаў сёньня адзін зь беларускіх журналістаў, выходзячы з будынку МЗС пасьля брыфінгу, амбасадары краінаў Эўразьвязу могуць уручыць А.Лукашэнку “недаверчыя граматы” — проста ня пойдуць на прыём 13 студзеня. І тады распачнецца новая фаза дыпляматычнага скандалу, які ўжо дасьціпна называюць “Дразды-2”.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org