RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 11 Студзеня 2001

Сёньня:



Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьвярталася да дэпутатаў расейскай Дзярждумы з просьбаю зрабіць запыт у праваахоўчыя ведамствы Расеі й высьветліць, ці няма ў Расеі зьніклага больш за год таму Віктара Ганчара. Штаб-кватэра АГП атрымала афіцыйны адказ ад дэпутата фракцыі “Саюз правых сілаў” Алега Навумава.

Кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Павал Данэйка і Яўген Лабановіч у лістападзе зьвярнуліся да расейскіх дэпутатаў з просьбаю зрабіць афіцыйны запыт у сілавыя структуры Расеі ў справе Віктара Ганчара, гэта было падчас сустрэчы зь лідэрам думскае фракцыі “Саюз правых сілаў” Барысам Нямцовым.

Прычынай такога звароту сталі неаднаразовыя публічныя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Віктара Ганчара ніхто ніколі не выкрадаў і што ён быццам бы проста хаваецца ў Расеі.

Афіцыйны запыт у Фэдэральную памежную службу Расеі ды ў Міністэрства ўнутраных справаў было даручана зрабіць дэпутату фракцыі “Саюз правых сілаў” Алегу Навумаву. І вось днямі дэпутат Думы атрымаў адказы з гэтых ведамстваў.

Фэдэральная памежная служба паведаміла, што грамадзянін Беларусі Віктар Ганчар дзяржаўнай мяжы Расеі не пераяжджаў. Ніякіх зьвестак пра знаходжаньне спадара Ганчара на тэрыторыі Расейскае Фэдэрацыі памежная варта гэтай краіны ня мае.

Нічога ня ведаюць пра лёс зьніклага апазыцыйнага беларускага палітыка і ў Міністэрстве ўнутраных справаў Расеі. Але пасьля афіцыйнага запыту Алега Навумава расейскае МУС аб’явіла Віктара Ганчара ў дзяржаўны вышук.

Кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі задаволеныя гэтымі адказамі сілавых ведамстваў Расеі. Лідэры АГП спадзяюцца, што дзяржаўны пошук Віктара Ганчара ў суседняй краіне дасьць хоць нейкія адказы на пытаньне, куды ж падзеўся іхны сябар і калега. Адказ расейскіх сілавікоў, на думку прадстаўнікоў Грамадзянскай партыі, таксама дэманструе, што ўсе заявы Аляксандра Лукашэнкі пра знаходжаньне Віктара Ганчара ў Расеі — звычайная хлусьня.

Гаворыць старшыня выканкаму АГП Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) "Такім чынам, высьветлілася, што ўсе заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Віктар Ганчар знаходзіцца на тэрыторыі Расеі — гэта хлусьня.

Ён спасылаўся на нейкія крыніцы ў кіраўніцтве праваахоўчых органаў Расеі. Але самыя гэтыя праваахоўчыя органы адказваюць, што аніякай інфармацыі пра прысутнасьць Ганчара на тэрыторыі Расеі яны ня маюць, і гэтак яны пішуць у афіцыйным дакумэнце.

Я лічу, што гэтая інфармацыя сапраўдная, бо яна атрыманая па афіцыйным запыце дэпутата Расейскай Дзяржаўнай Думы, і мяркую, што гэта праўдзіва".

Старшыня выканкаму АГП ўзгадаў заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Віктара Ганчара таксама нібыта бачылі ў Літве й ва Ўкраіне. Таму неўзабаве кіраўніцтва Грамадзянскай партыі зьвернецца да сваіх калегаў — дэпутатаў парлямэнтаў ад літоўскай партыі Кансэрватараў і ўкраінскай партыі “Рэформы й парадак”, — каб тыя зрабілі афіцыйныя запыты пра Віктара Ганчара ў сілавыя ведамствы сваіх краінаў.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org