RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 11 Студзеня 2001

Сёньня:



Маскоўскі суд Менску задаволіў пазоў Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі пра аднаўленьне касацыйнага тэрміну па скарзе партыі на рашэньне Менгарвыканкаму. Гэта дазволіць АГП працягваць судзіцца з гарадзкімі ўладамі, якія летась забаранілі пікет на месцы зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімер Раманоўскі выступаў у судзе ад імя партыі. Аб’яднаныя дэмакраты намагаюцца праз суд аднавіць тэрмін падачы скаргі на рашэньне Менгарвыканкаму пра перанос месца пікету ў абарону В.Ганчара і А.Красоўскага.

Нагадаем, летась Менгарвыканкам забараніў ладзіць пікет каля лазьні, на тым месцы, дзе зьніклі В.Ганчар і А.Красоўскі. Замест гэтага сябрам АГП прапанавалі пікетаваць на сумнавядомай плошчы Бангалор.

Гаворыць Уладзімер Раманоўскі:

(Раманоўскі: ) “Як вядома, гэты пікет адбыўся там, дзе і плянаваўся. Але ж на пікеце супрацоўнікі міліцыі зьбілі некалькіх чалавек, у тым ліку і старшыню партыі Анатоля Лябедзьку. Да таго ж — судовы перасьлед паводле адміністрацыйнага заканадаўства.

Мы рашэньне Менгарвыканкаму абскардзілі яшчэ да пікету, але наш суд так працуе, што не прызначыў паседжаньня ў неабходны тэрмін. Толькі 11 кастрычніка была разгледжаная скарга, але без прадстаўніка з боку партыі, бо менавіта ў той час я быў арыштаваны і быў у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку".

Нагадаем, Уладзімер Раманоўскі быў арыштаваны на 10 сутак за вулічную агітацыю пад час выбарчай кампаніі.

(Раманоўскі: ) "Я толькі ў лістападзе даведаўся пра адмоўнае рашэньне суду. Зьвярнуўся ў суд, а там кажуць, што скончыўся тэрмін для абскарджваньня. Таму мы і падалі гэты іск, каб аднавіць касацыйны тэрмін, як вынік — станоўчае рашэньне. Цяпер нашу скаргу будзе разглядаць гарадзкі суд".

Адвакат Сяргей Цурко лічыць, што гэтым разам суд паступіў згодна з Канстытуцыяй:

(Цурко: ) "Мы будзем настойваць, каб на наступным судовым паседжаньні прысутнічала тая адказная асоба, што забараніла пікет — гэта намесьнік старшыні Менгарвыканкаму сп.Пятрушын.

Сябры партыі прасілі ў заяўцы дазволіць праводзіць пікет у гадавіну і ў месцы зьнікненьня Ганчара і Красоўскага. Там яны не заміналі б ані грамадзкаму транспарту, ані працы прадпрыемстваў, таму што руху там няма. Хай цяпер сп.Пятрушын сам аргумэнтуе законнасьць сваіх дзеяньняў".

Сп.Раманоўскі дадаў, што АГП мае намер прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў Менгарвыканкаму за незаконныя рашэньні.

(Раманоўскі: ) "Мы ад суду патрабуем разгледзець пытаньне, ці адпавядаюць закону адказы Менгарвыканкаму. Альбо гэта папросту законатворчасьць Менгарвыканкаму, што супярэчыць Канстытуцыі".

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org