RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 11 Студзеня 2001

Сёньня:



Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласьці на сваёй калегіі падводзіў вынікі за мінулы год і вызначаў прыярытэты на сёлета. У тым ліку й прыярытэты, зьвязаныя з наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Працу са скаргамі і зваротамі грамадзянаў лічыць найнеабходнейшай справай напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Магілёўшчыны Фёдар Міхеенка.

Хаця амаль усе просьбы насельніцтва зьвязаныя з жыльлём і камунальнымі праблемамі, разьбірацца трэба ўсё роўна. Тым больш, у сёлетняй палітычнай сытуацыі, калі сымпатыі выбаршчыкаў павінны быць на баку ўлады.

Другі прыярытэт — кантроль за своечасовай выплатай заробкаў. Гэта таксама назвалі "палітычнай неабходнасьцю". Сярод плянаў — дэталёвае вывучэньне стану аграпрамысловага комплексу рэгіёну, банкаўскай сфэры, прычынаў экспансіі расейскіх тавараў. Сёлета магілёўскія кантралёры мелі намер вывучыць, наколькі абгрунтаваны колькасны склад апаратаў выканаўчых камітэтаў на месцах. І ўвогуле стварыць асобнае ўпраўленьне кантролю за дзейнасьцю дзяржаўных органаў улады.

Ваяўнічы настрой супрацоўнікаў Камітэту дзяржкантролю крыху зьбіў прадстаўнік Магілёўскага аблвыканкаму, які дыпляматычна нагадаў кантралёрам, што яны зараз маюць агульную мэту: "Арганізацыя перамогі палітычнай і эканамічнай лініі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, якія маюць адбыцца. А таму трэба быць адзіным кулаком".

Тое, што вэртыкаль і дзяржкантроль — несумненныя саюзьнікі, пацьвярджае кіраўніцтва Рэспубліканскага камітэту. Ёсьць такія факты парушэньняў, якія знайшлі магілёўскія супрацоўнікі, але, як кажуць, чыноўнікаў не разумее найвышэйшае кіраўніцтва.

Да іх ліку адносіцца наступны. Праверкі выкананьня жыльлёвай праграмы выявілі, што пра рэальнае яе выкананьне ў Магілёўскай вобласьці ня можа быць і гаворкі. У новыя жыльлёвыя плошчы былі ўключаныя і прыватныя дамы, пабудаваныя нават у 1940-я гады, але ня мелі дакумэнтацыі на ўвод. Але кантралёраў з такімі навінамі спынілі і не далі справе ходу. Падрыхтоўка да выбараў на прэзыдэнта не прадугледжвае выкрыцьця фальсыфікацыяў цяперашняй улады.

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org