RFE/RL |
Чацьвер, 11 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Гарадзенскія ўлады рыхтуюцца адзначыць 200-годзьдзе заснаваньня Гарадзенскай губэрні расейскім царом Аляксандрам І. На сьвяткаваньні ўпершыню за доўгі час будзе выкарыстоўвацца губэрнскі герб. Аргкамітэт сьвята, якое адбудзецца ў верасьні, узначальвае сам Аляксандар Дубко, старшыня аблвыканкаму. Пасьля апошняга паседжаньня камітэту ў некаторых сродках масавай інфармацыі зьявіліся паведамленьні пра тое, што ўлады быццам бы намерваюцца замяніць герб Горадні з аленем Сьв.Губэрта на шчыце на герб Гарадзенскай губэрні. Такое ўжо было — за савецкім часам нават на цыгарэтах "Гродна" выкарыстоўваўся менавіта губэрнскі геральдычны зубар, а не алень. Адзін з удзельнікаў аргкамітэту, Уладзімер Амелька, які ўзначальвае ўпраўленьне грамадзка-палітычнай інфармацыі аблвыканкаму, паведаміў мне, што гісторыкам далі заданьне высьветліць, які герб лепей прыдасца пры сьвяткаваньні губэрнскіх угодкаў — першы ці пазьнейшы. Гарадзкі ж герб чапаць ніхто не зьбіраецца, кажа сп.Амелька. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што нават цар зацьвердзіў герб губэрні, крамольны для сёньняшняй улады. Верхнюю ягоную частку займала "Пагоня", пад якой быў намаляваны зубар. Толькі па забароне дзеяньня Статуту Вялікага Княства Літоўскага ў гербе губэрні ў 1845 годзе пакінулі толькі зубра, якога пазьней замянілі на быка. Такім чынам, герб з "Пагоняй" праіснаваў больш за 40 гадоў. Гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук пра намер уладаў сказаў мне наступнае: "Крыўдна, што гэткая значнасьць надаецца падобным угодкам, ды нашу гісторыю зноў выводзяць з расейскай. У нашай мінуўшчыне былі значна больш важныя падзеі, чымся стварэньне губэрняў. Напрыклад, пры Стэфане Баторам Горадня была фактычна сталіцай вялікай краіны — Рэчы Паспалітай. Існаваў праект афіцыйнага яе пераносу з Кракаву, і каб не раптоўная сьмерць караля, які памёр у нашым горадзе, гэтая задума магла ажыцьцявіцца". Сяргей Астраўцоў, Горадня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |