RFE/RL |
Чацьвер, 11 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Стандартызацыя адукацыі, уведзеная нядаўна на ўсіх узроўнях сыстэмы навучаньня, набліжае зьмест беларускага навучаньня да расейскага. Стандарты для сярэдніх ды базавых школаў адзначаюць, што распрацаваныя яны Нацыянальным інстытутам адукацыі ды зацьверджаныя міністрам адукацыі Васілём Стражавым. Аднак нам стала вядома, што згаданая ўстанова іх не распрацоўвала, а толькі крыху адаптавала да нашай адукацыі стандарты сыстэмы адукацыі Расеі. У якой ступені гэтая "адаптацыя" ўлічвае нацыянальныя аспэкты, яскрава паказвае прыклад са школьнага курсу мастацкае культуры: выпускнік сярэдняе школы абавязаны ведаць 106 твораў, зь іх — 36 расейскіх і толькі 14 беларускіх. Твораў польскіх, украінскіх, літоўскіх ці латыскіх творцаў у стандартызаваным пераліку зусім няма. І гэта пры тым, што якраз да скарбаў гэтых краінаў залічанае цяпер ці ня ўсё беларускае мастацтва, створанае за часам Вялікага Княства Літоўскага ды абедзьвюх Рэчаў Паспалітых. Такая стандартызацыя — адзін з найэфэктыўных спосабаў фармаваньня ўстойлівага комплексу нацыянальнае непаўнавартасьці моладзі. Гэтаму асабліва актыўна спрыяе стандартызаваная праграма па гісторыі краіны. Напрыклад, з падручніка для 4-е клясы зьнятая нават выява Чырвонага касьцёлу ў Менску: мы, маўляў, праваслаўная краіна, нашто нам каталіцкі храм. З праграмаў для старэйшых клясаў выкінутыя разьдзелы пра самастойнае фармаваньне беларускае народнасьці, аўтарам жа падручнікаў вернутыя рукапісы з прапановамі дапоўніць іх тэмамі пра адзіную старажытнарускую народнасьць. З гэтым мітам расейскіх гісторыкаў ХІХ стагодзьдзя, які спрабуюць адрадзіць прыхільнікі “славянскага яднаньня”, беларускія навукоўцы змагаюцца ўжо ня першы год. Цяпер стандартызатары адукацыі ўвялі “адзінаславянства” ў якасьці асобнае гістарычнае дысцыпліны ў вышэйшых навучальных установах. Вось што нам паведаміў вядомы гісторык, дацэнт Беларускага ўнівэрсытэту культуры Алег Трусаў: (Трусаў: ) "Напрыклад, у нашым унівэрсытэце я павінен чытаць ужо не "Археалёгію Беларусі", а проста "Археалёгію" — немаведама якой краіны. Слова "Беларусь" я ўжо ня маю права ў назьве прадмета ўжываць. Зьявілася "Гісторыя славян", прыкладам, якая была за савецкім часам. Навошта нам гісторыя славян? Чаму не германцаў? Во такі прадмет, вельмі сьмешны для нашага часу. Такім чынам, нічога добрага гэтыя стандарты не даюць, наадварот — яны робяць бюракратычнай сыстэму адукацыі, зьвязваючы рукі загадчыкам катэдраў, дэканам, дырэктарам дзяржаўных і недзяржаўных установаў". Што ж да курсу беларускае мовы на нефілялягічных факультэтах ВНУ, то першапачатковы варыянт стандартаў яго наагул не прадугледжваў. І толькі дзякуючы ўмяшаньню грамадзкасьці ўдалося яго адстаяць. Праўда, замест ранейшых 90 гадзінаў пакінулі толькі 60. Ды й тое выкладчыкам рэкамэндавана прысьвячаць іх гэтак званай прафэсійнай лексыцы, не кранаючы агульнага ўзроўню валоданьня студэнтамі роднаю моваю. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |