RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 10 Cтудзеня 2001

Сёньня



Агляд чарговага нумару газэты “Рабочы”.

Пасьля каляднага перапынку ў сьвет выйшаў першы сёлета нумар газэты “Рабочы”.

“Урад знайшоў стрэлачніка” – так называецца матэрыял, які адкрывае яго. Размова ідзе пра дзіўныя прыгоды ліста галіновага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі беларускаму Саўміну. Гэты ліст з патрабаваньнем тэрмінова разгледзіць праблему амаль жабрацкага існаваньня беларускіх настаўнікаў ды навукоўцаў ва ўрад быў накіраваны месяц таму, аднак адказу прафсоюз не атрымаў. Спыталіся “Чаму?” – і пачулі ад чыноўнікаў: пошта вінаватая! Мы па пошце вам адказалі, аднак папера ўсё ідзе ды ідзе...

Яшчэ адна тэма, пра якую зараз шмат піша “Рабочы”, – акцыі пратэсту на беларускіх прадпрыемствах і рынках. МААЗ, Слонімская фабрыка пёра-пухавых вырабаў – вось адрасы канфліктаў. А пра страйкі “чаўнакоў” ды дробных рынкавых гандляроў паведамлялася ўжо шмат. Сваеасаблівым працягам размовы сталі матэрыялы пра спрэчкі беларускіх уладаў з незалежнымі прафсаюзамі. У прыватнасьці аб выніках абмеркаваньня “беларускай праблемы” на прайшоўшым ў Жэнэве шостым Эўрапейскім рэгіянальным паседжаньні Міжнароднай Арганізацыі Працы расказвае на старонках “Рабочага” віцэ-прэзыдэнт Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Макарчук.

Маючыя адбыцца сёлета прэзыдэнцкія выбары – пытаньне, якое таксама знайшло адлюстраваньне на старонках “Рабочага”. Аб арганізацыі незалежнага назіраньня за галасаваньнем размову вядуць кіраўнік рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Алесь Бяляцкі, старшыня Цэнтральнага каардынацыйнага савету ў арганізацыі назіраньня за выбарамі Мячыслаў Грыб і старшыня партыі “Надзея” Валянціна Палевікова.

Аднак жыве чалавек ня толькі палітыкай, таму адзначым у гэтым нумары “Рабочага” і іншыя матэрыялы. “Рэцэпт іхняе маладосьці” – гэта прадстаўленьне чытачу Менскай жаночай кінавідэастудыі “Тацяна”. “Гарадок” – нататкі пасьля паездкі па расейскай глыбінцы. Ну а загаловак “О, спорт, ты – што?” кажа сам за сябе: у гэтым артыкуле размова ідзе пра становішча ў беларускім спорце.

Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org