RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 10 Студзеня 2001

Сёньня:



Лідэры моладзевай Кааліцыі "Пераменаў!" стварылі Арганізацыйны камітэт па правядзеньні 14 лютага вулічнай акцыі пад назваю "Любові! Свабоды! Пераменаў!". Маладыя апазыцыянэры кажуць, што акцыя ў Дзень Сьв.Валянціна будзе нетрадыцыйная.

Арганізацыйны камітэт акцыі 14 лютага быў створаны дзеля лепшай каардынацыі дзеяньняў розных моладзевых арганізацыяў, якія рыхтуюць гэтае мерапрыемства. Арганізатары плянуюць вывесьці 14 лютага на вуліцы некалькі тысяч маладых людзей.

Сёньня ж быў зацьверджаны й папярэдні фармат мерапрыемства. Каб пазьбегнуць рэпрэсіяў уладаў і прыцягнуць на мерапрыемства як мага большую колькасьць удзельнікаў, арганізатары вырашылі дзейнічаць нетрадыцыйна.

Удзельнікі акцыі зьбяруцца 14 лютага а 17-й гадзіне на пляцы Волі. Там кожны атрымае чырвонае сэрцайка ці які іншы сымбаль Дня закаханых з дэталёвай інструцыяй, што рабіць далей. Хутчэй за ўсё, з пляцу Волі хлопцы і дзяўчаты накіруюцца ў іншае месца ў цэнтры Менску, дзе будзе арганізаваная адмысловая лятарэя. Сярод прызоў — касэта з альбомам беларускіх выканаўцаў пад назваю "Песьні пра каханьне", адмыслова выдадзеная да Дня Сьвятога Валянціна ды іншае.

Раніцай жа 14 лютага прадстаўнікі моладзевай Кааліцыі "Пераменаў!" наведаюць шэраг амбасадаў заходніх краінаў і перададуць дыпляматам адмысловы зварот беларускай моладзі.

Прычыны правядзеньня акцыі "Любові! Свабоды! Пераменаў!" у новым фармаце тлумачыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Чарняеў:

(Чарняеў: ) "Нам здаецца, што менавіта такім шляхам мы зможам спраўдзіць чаканьне людзей на сьвята і паказаць, што Беларусь яшчэ жыве, што маладая Беларусь існуе, што яна можа змагацца з рэжымам ня толькі "ахвярнымі" акцыямі, але й нейкімі больш цёплымі, вясёлымі мэтадамі.

Акцыя будзе ў любым выпадку палітызаваная — зараз проста ня можа існаваць непалітызаваная акцыя, асабліва ўлічваючы тое, што наша апірышча, перш за ўсё арганізацыяў, якія ўваходзяць у Кааліцыю, — гэта найперш моладзь, якая прагне для Беларусі лепшага шляху".

Паколькі акцыя будзе нетрадыцыйнай, то сябры Аргкамітэту не выключаюць, што наогул ня будуць зьвяртацца ў гарвыканкам па дазвол на правядзеньне. 14 лютага сваю акцыю ў Менску таксама думае правесьці Фэдэрацыя прафсаюзаў. На думку А.Чарняева, гэта не перашкода, паколькі гэтыя дзьве акцыі арыентаваныя на розныя сацыяльныя групы грамадзтва.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org