RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 10 Cтудзеня 2001

Сёньня



Сэнсацыяй мінулага тыдня стала зьяўленьне на Захадзе “Матэрыялаў Цянь Ань Мынь” – зборніка сакрэтных дакумэнтаў, якія тычацца крывавага разгону студэнцкіх маніфэстацыяў у Кітаі 11 год таму. Газэта Wall Street Journal прысьвяціла “Матэрыялам Цянь Ань Мынь” адмысловы артыкул.

Аўтар артыкулу – адмысловец у справах Азіі, прафэсар Валдрон параўноўвае публікацыю “Матэрыялаў Цянь Ань Мынь” з публікацыяй сакрэтнага дакладу Хрушчова на ХХ зьезьдзе КПСС, з выкрыцьцём сталінскіх злачынстваў. Wall Street Journal адзначае, што кітайскія ўлады прынялі надзвычайныя высілкі, каб не дапусьціць публікацыі гэтых дакумэнтаў. 500 старонак сакрэтных папераў вывез на Захад невядомы мужны кітайскі чыноўнік.

“Матэрыялы Цянь Ань Мынь” разбураюць міт пра пасыўнасьць і легкавернасьць кітайцаў. У канцы 80-х гадоў рух за дэмакратыю ў Кітаі набіраў моц, яго пікам сталі студэнцкія маніфэстацыіі на цэнтральнай плошчы Пэкіну Цянь Ань Мынь, якія былі самымі шматлюдлнымі мірнымі дэманстрацыямі ў гісторыі чалавецтва. Камуністычныя ўлады кінулі супраць студэнтаў танкі, патапіўшы імкненьне да дэмакратыіі ў крыві: сотні людзей былі забітыя, тысячы арыштаваныя.

На плошчы ўжо даўно няма сьлядоў ні крыві, ні танкавых тракаў, але парыў да свабоды захоўваецца ў памяці людзей. Wall Street Journal адзначае, што зборнік “Матэрыялы Цянь Ань Мынь” у хуткім часе вернецца ў Кітай праз Інтэрнэт і актуалізуе ў кітайскім грамадзтве пытаньні дэмакратыі, правоў чалавека, свабоды выбару, карупцыі бескантрольнай улады. “Гэтыя пытаньні нельга адхільць, яны будуць задавацца да таго часу, пакуль ня будуць вырашаныя,” – піша Wall Street Journal.

“Матэрыялы Цянь Ань Мынь” сьведчаць пра тое, што 11 гадоў таму ўлада надзвычай сур’ёзна ўспрыняла дэмакратычны парыў, баючыся яго распаўсюджваньня. Рэпрэсіі супраць актывістаў суправаджаліся прапагандаю, адрасаванай Захаду, пра асаблівы шлях Кітаю, пра тое, што кітайцам непатрэбная дэмакратыя. “Кітайскі лідэр Цзян Цзэ Мін гаварыў, што падзеі на плошчы Цянь Ань Мынь – гэта “шмат шуму з нічога”, і некаторыя амэрыканскія экспэрты паўтаралі гэтую тэзу,” – з прыкрасьцю нагадвае Wall Street Journal.

На думку газэты, больш вытанчанай прапагандай зьяўляецца тэза афіцыйнага Пэкіну, што эканамічныя рэформы мусяць папярэднічаць палітычным. Газэта спасылаецца на меркаваньні былога кітайскага прэм’ера Джао Дзы Яна, які пасьля падзеяў 1989 году быў звольнены з пасады і дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам. У сваіх успамінах, якія таксама прыводзяцца ў зборніку “Матэрыялы Цянь Ань Мынь”, былы прэм’ер піша: “Даўгі час я быў прыхільнікам хуткіх эканамічных рэформаў, але вельмі асьцярожна ставіўся да палітычных рэформаў. Зараз мае погляды зьмяніліся. Зараз я лічу, што прыярытэтнымі мусяць быць менавіта палітычныя рэформы: бязь іх цяжэй вырашыць ня толькі эканамічныя праблемы, але і ўсе праблемы грамадзкага жыцьця без палітычных рэформаў вырашаюцца значна цяжэй.” – Мяркуе былы кіраўнік кітайскага ўраду.

Паводле меркаваньня аўтара Wall Street Journal, зьмест сакрэтных дакумэнтаў, прысьвечаных падзеям 1989 году ў Кітаі, па-першае, сьведчыць пра тое, што палітычныя зьмены мелі шанец на посьпех, а па-другое, раскрывае прыроду супраціву гэтым пераменам. Іх пахавала негалоснае пагадненьне паміж цьвёрдакаменнымі камуністамі, ксэнафобамі, што паўсюль бачылі замежную змову, карупцыянэрамі і прыстасаванцамі.

Гэтыя групы па-ранейшаму захоўваюць сваю моц, – адзначае Wall Street Journal, – і калі ў Кітаі ўсё ж пачнуцца непазьбежныя перамены, яны будуць змагацца за сваю ўладу гэтак жа жорстка і вынаходліва, як змагаліся камуністы ў Расеі, Югаславіі і Румыніі.

Зборнік “Матэрыялы Цянь Ань Мынь” сьведчыць пра тое, што наперадзе Кітай чакаюць новыя злачынствы і трагедыі.

Юры Дракахруст, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org