RFE/RL |
Серада, 10 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Беларусь пакінуў выбітны паэт Алесь Разанаў. Гэта чацьверты беларускі літаратар, якога цяперашняя сытуацыя ў краіне змусіла шукаць больш спрыяльных умоваў для творчасьці. Нішто не паказвала на гэты ад’езд. Паэт не ўваходзіў ні ў якія палітычныя структуры, не пісаў антыўладных артыкулаў, не даваў выкрывальніцкіх інтэрвію (дарэчы, інтэрвію ён наогул ня любіць даваць). Што праўда, крымінальна-палітычная гісторыя з часопісам “Крыніца”, у якім Алесь Разанаў быў намесьнікам галоўнага рэдактара Ўладзімера Някляева, а пасьля ўцёкаў таго ад перасьледу за мяжу паўтара месяца заставаўся за галоўнага, паўплывала на гэтае рашэньне. Гаворыць Карлас Шэрман, віцэ-прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру — міжнароднае арганізацыі, якая бароніць правы пісьменьнікаў і журналістаў: (Шэрман: ) "Паўплывала сытуацыя ў часопісе "Крыніца" — калі Разанаў рыхтаваў часопіс да далейшага жыцьця, і павінны былі яго зацьвердзіць рэдактарам, і ўсё ж потым у Саюзе пісьменьнікаў гэта было перагледжана. Тады Разанаў увогуле адтуль пайшоў. Але зь ягоным інтэлектам абы-куды ён жа ня можа ісьці працаваць. Таму ён фактычна застаўся бяз працы. У яго сям'я, двое дзетак, і апынуўся ў цяжкім стане. Але там могуць быць іншыя прычыны". Сапраўды, гэтая гісторыя — толькі вонкавая прычына ад’езду выбітнага паэта-філёзафа. Але ягоны цяперашні крок лягічна выцякае з усяе біяграфіі 53-гадовага паэта, які церпіць перасьлед уладаў яшчэ з часоў студэнцтва. У 1968 годзе Алесь Разанаў з аднакурсьнікамі Віктарам Ярацам ды Валянцінаю Коўтун наладзілі на філфаку Белдзяржунівэрсытэту збор подпісаў з патрабаваньнем выкладаць усе прадметы па-беларуску. Як вынік — выключэньне з унівэрсытэту ды пільны інтарэс органаў дзяржбясьпекі. Потым былі перашкоды ў паступленьні ў асьпірантуру, друкаваньні кніг, уладкаваньні на працу. Апошняя кніга паэта — “Гліна. Камень. Жалеза.” некалькі гадоў чакала чаргі ў дзяржаўным выдавецтве, але так і не была выдадзеная. І напрыканцы мінулага году выйшла ў сьвет у Польшчы. Вершы выбітнага беларускага паэта выдадзеныя ў 20 краінах. У Нямеччыне, куды ён сёньня адляцеў, неўзабаве выйдзе другая кніга выбраных твораў Алеся Разанава. Першая два гады таму выйшла толькі па-нямецку, гэтая ж будзе дзьвюхмоўная: паралельна вершы ў арыгінале і ў перакладзе. А на радзіме цяпер, як сумна зазначыў перад ад'ездам паэт, творчасьць (калі яна сапраўды — творчасьць) успрымаецца ўладамі як небясьпека для дзейнага рэжыму. Гэта і ёсьць, пэўна, галоўнаю прычынаю ад’езду аднаго з самых яркіх сучасных айчынных творцаў. Алесь Разанаў паехаў на запрашэньне Міжнароднага парлямэнту пісьменьнікаў. Запрашэньне дзейнае год, але ня выключана, што яно будзе падоўжанае. Гэтаксама верагодна, што Міжнародны парлямэнт пісьменьнікаў дашле свае запрашэньні іншым выбітным беларускім творцам, якія змушаныя спальваць зашмат сваёй творчай энэргіі на пераадоленьне варожага стаўленьня ўладаў, і якое амаль не застаецца на ўласна творчасьць. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |