RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 9 Студзеня 2001

Сёньня:



Карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Генадзь Барбарыч быў выкліканы ў сьледчы аддзел пракуратуры ў справе Зьмітра Завадзкага.

Сьледчыя пракуратуры выклікалі журналіста Генадзя Барбарыча, каб дапытаць яго ў якасьці сьведкі ў справе Зьмітра Завадзкага. Падчас допыту сьледчыя Ўладзімер Чумачэнка і Зьміцер Петрушкевіч цікавіліся інфармацыяй, зьмешчанай 6 студзеня ў газэце "Народная воля" і ў выпуску навінаў БелаПАН 8 студзеня.

Размова ішла пра ананімны ліст аднаго са сьведкаў па справе. Сьледчыя патрабавалі, каб журналіст даў падпіску пра невыдаваньне зьвестак сьледзтва. На гэта Г.Барбарыч не пагадзіўся, бо сьледчымі матэрыяламі ён усё адно не валодае. Тады ў кабінэт выклікалі двох панятых, і ў іхнай прысутнасьці зачыталі патрабаваньне пра невыдаваньне інфармацыі ў справе Зьмітра Завадзкага. Пасьля гэтага яго адпусьцілі.

Генадзь Барбарыч паведаміў Радыё Свабода:

(Барбарыч: ) "Я лічу відавочным, што зараз адбываюцца сур'ёзныя спробы, каб прыціснуць журналістаў і ня даць магчымасьці прэсе самастойна праводзіць расьсьледаваньне гэтай справы.

Некаторыя факты па ёй. На маім допыце ішла гаворка пра нейкі ліст, які быццам бы атрымалі бацькі аднаго з падазраваных па справе. Я і не адпіраўся, таму што журналіст павінен дзейнічаць адкрыта для грамадзтва — у гэтым сэнс нашай прафэсіі. Нягледзячы на ціск, я лічу, што прэсе, журналістам трэба праводзіць і надалей расьсьледаваньне справы нашага калегі Завадзкага, якога многія з журналістаў ведалі як выдатнага чалавека, любяць і ня могуць забыць".

Гары Паганяйла, які прысутнічаў пад час допыту як прадстаўнік Барбарыча, лічыць, што выклік Г.Барбарыча ў пракуратуру — гэта ціск на журналіста і на ягонае права распаўсюджваць інфармацыю. Гаворыць Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) "Гэта незаконны выклік журналіста ў пракуратуру і незаконнае патрабаваньне даць падпіску пра невыдаваньне таямніцы сьледзтва, каб не дапусьціць публікацыі ў СМІ інфармацыі пра выкраданьні ў Беларусі журналістаў і палітыкаў.

Гэта парушае правы журналістаў на пошук інфармацыі і яе распаўсюджваньне. Беларусь ратыфікавала шэраг пагадненьняў дзеля абароны свабоды слова і правоў журналістаў. Таму такія рэчы ў нармальнай цывілізаванай краіне недапушчальныя.

Акрамя таго, сама атмасфэра сакрэтнасьці сьведчыць пра тое, што ўлада не жадае абнародаваньня зьвестак у справах зьніклых людзей. І таму лягічныя падазрэньні, што ўладныя структуры маюць дачыненьне да выкраданьня людзей у Беларусі. Мы будзем абараняць правы журналістаў і дамагацца ад уладаў адкрытасьці ў справах зьніклых людзей.".

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org