RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 8 Студзеня 2001

Сёньня:



(эфір 8 студзеня)
Адміністрацыя А.Лукашэнкі рыхтуе адмысловы сьпіс чыноўнікаў, якія перашкодзілі Лукашэнку выканаць перадвыбарчыя абяцаньні, што ён даў у 1994 годзе. Улады хочуць перакласьці адказнасьць за свае шматлікія правалы на іх.

Так здарылася, што міжвольнымі ініцыятарамі гэтай справы сталі журналісты, якіх А.Лукашэнка неяк залічыў у катэгорыю “чэсных”.

Адразу па сьвяткаваньні надыходу 2001 году на Беларускім радыё павінен быў пачацца новы цыкль пад назовам "Прэзыдэнт паабяцаў — і выканаў". Галоўны кіраўнік дзяржаўнага радыё Ўладзімер Ядранцаў і ягоныя памагатыя хацелі стварыць панэгірік Лукашэнку. Меркавалася, што журналісты прааналізуюць ягоную перадвыбарчую прэзыдэнцкую праграму 1994 году і ў сэрыі адмысловых перадачаў пакажуць, што ён нібыта заўжды трымае слова.

Але падчас падрыхтоўкі цыклю высьветлілася — выканаць задумку надзвычай цяжка, бо шмат якія абяцанкі і дацяпер не выкананыя. І таму трэба альбо крытыкаваць Лукашэнку, альбо знайсьці тых, хто яму быццам бы перашкаджае працаваць.

Для Беларускага дзяржаўнага радыё Лукашэнка, як вядома, па-за крытыкай. Таму заставалася толькі сьпісаць ўсе недахопы на ягоных падначаленых. І тут паўстае пытаньне: калі не Лукашэнка, дык хто ж тады канкрэтна вінаваты?

Сьпісаць усё на Шушкевіча, Багданкевіча, Грыба, Чыгіра ды іншых апазыцыянэраў, як гэта рабілася ўвесь час раней — спроба марная. Яны ўжо даўно не пры ўладзе. Таму і зьявілася патрэба ў новых ахвярных казлах. Сьмеласьці самастойна вызначыць іх кіраўніцтва Беларускага радыё на сябе не ўзяло. Па дапамогу зьвярнуліся ў адміністрацыю Лукашэнкі. Там параілі пакуль з новым цыклем не сьпяшацца.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org