RFE/RL |
Аўторак, 9 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
(эфір 9 студзеня) Камэнтары з нагоды публiкацыі у Washington Times пра тое, што ў Калiнiнградзкай вобласьцi разьмешчаная тактычная ядзерная зброя, ад мiнулай серады не сыходзяць зь першых старонак польскiх газэт. Выказваюцца па тэлебачаньнi i радыё вядомыя палiтыкi i замежныя назiральнiкi. Ацэнак i вэрсiй наконт праўдзiвасьцi паведамленьня амэрыканскай газэты шмат. Палякаў можна зразумець, бо праблема тычыцца непасрэдна бясьпекi дзяржавы. Польшча мае на калiнiнградзкiм кiрунку агульную мяжу з Расеяй, i ўвогуле для яе праблема гэтага расейскага арэалу, якi тут iншым разам па старой традыцыi называюць Крулеўцам, вельмi хвалюючая. Менавiта таму паведамленьне з Амэрыкi ўспрынялi тут досыць нэрвова. Ад iмя ўраду было заяўлена аб пажаданасьцi мiжнароднай iнспэкцыi. Разам з тым прагучалi галасы, якія заклiкалі да больш цьвярозага падыходу да паведамленьня з ЗША. Справа ў тым, што гэта пытаньне – цi ёсьць атамная зброя ў Калiнiнградзе – ня новае, яно недзе з 1993 году ўздымецца амаль кожныя два гады. Але на гэты раз чамусьцi з асаблiвай вастрынёй. Чаму? Пытаньне тым больш зразумелае, што з пункту вайсковай стратэгii няма нiякага значэньня анi для Польшчы, анi для краiнаў скандынаўскiх, цi ёсьць ядзерная зброя пад Калiнiнградам, цi не. Таму што iхнiя тэрыторыi падлягаюць дзеяньню расейскiх ракет больш далёкiх магчымасьцяў. Менавiта гэтую акалiчнасьць падкрэсьлiвае ў «Газэце Выборчай» Зьбiгнеў Бжэзiнскi, былы дарадца прэзыдэнта Картэра ў пытаньнях бясьпекi i паляк па паходжаньнi, камэнтары якога часьцяком выкарыстоўваюць польскiя мэдыі. Разам з тым Бжэзiнскi гаворыць, што больш чым Польшча, член НАТА, павiнны непакоiцца балтыйскiя краiны – Лiтва, Латвiя, Эстонiя. Бо калi сапраўды такая зброя разьмешчаная пад Калiнiнградам, дык гэта вiдавочнае парушэньне пагадненьня аб бязьядзернай зоне на Балтыцы. Што да верагоднасьцi самога факту, дык Бжэзiнскi лiчыць, што хутчэй можна гаварыць пра балаган у расейская вайсковай адмiнiстрацыi, якая, не маючы адпаведных фiнансаў, магла шукаць дзешавейшых магчымасьцяў для разьмяшчэньня падобнай зброi. Сярод польскiх назiральнiкаў распаўсюджваюцца самыя розныя вэрсii, адна выключае iншую. Гавораць пра гульню расейцаў, якiя хочуць такiм чынам супрацiвiцца далейшаму пашырэньню НАТА. Пра тое, што артыкул у амэрыканскай газэце – гэта гульня ўльтракансэрватыўных колаў у ЗША, якiя хочуць у такi спосаб нагадаць эўрапейскiм саюзьнiкам, хто ёсьць галоўны ў НАТА i больш адказвае за эўрапейскую бясьпеку. I нават, што гэта нейкая агульная акцыя ЗША i Польшчы напярэдаднi iнспэкцыi наконт выкананьня пагадненьня аб скарачэньнi звычайнай зброi ў Калiнiнградзкай вобласьцi. Пэўны нацiск на Маскву, каб iнспэктары маглi ўвайсьцi туды, дзе яны дагэтуль не былi – напрыклад, на базы Балтыйскага флёту. Так цi iнакш, але ў Польшчы гатовая была ўзьняцца хваля патрыятычных пратэстаў – рыхтавалiся маладзёвыя дэманстрацыi ў Альштыне, якi найблiжэй да Калiнiнграду, у Пазнанi i Варшаве, каля расейскiх дыпляматычных прадстаўнiцтваў. Сытуацыю падагрэлi i публiкацыi ў некаторых газэтах быццам бы адпаведных здымкаў з сатэлiтаў. Халодным душам для гарачых галоваў зьявiлася афiцыйная рэакцыя з ЗША, якiя не падтрымалi польскай iнiцыятывы адносна мiжнароднай iнспэкцыi, i заява з Брусэлю пра тое, што НАТА ня мае новай iнфармацыi пра расейскую атамную зброю пад Калiнiнградам i ўвогуле верыць расейскiм запэўніваньням, што яе там няма. Разам з тым выказваецца думка, што ў НАТА ведаюць пра атамную зброю пад Калiнiнградам, але больш зацiкаўленыя ў добрых кантактах з Расеяй. Хачу скончыць спасылкай на камэнтар вядомага публiцыста Паўла Вроньскага, якi лiчыць, што ня можна верыць Расеi, што яна гатовая адкрыць ўсе свае ядзерныя таямнiцы, але гэта не павiнна азначаць, што з нагоды публiкацыi ў другараднай амэрыканскай газэце ў Польшчы павiнна ўздымацца чарговая антырасейская хваля. Сямён Букчын, Варшава
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |