RFE/RL |
Аўторак, 9 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
“Міт пра поўную русыфікацыю Беларусі разбураюць канчатковыя вынікі перапісу насельніцтва, якія больш чым праз год пасьля ягонага правядзеньня нарэшце атрымала Таварыства беларускае мовы”, — заявіў нашаму радыё старшыня таварыства А.Трусаў. Паводле А.Трусава, канчатковыя вынікі перапісу насельніцтва, які быў праведзены ў 1999 годзе, супярэчаць дакляраванай уладай суцэльнай расейскамоўнасьці беларусаў. Гэта, на думку старшыні ТБМ, замінала ў час атрымаць вынікі перапісу. Гаворка пра апошнюю графу зьвестак, якія паказваюць, колькі па кожнай нацыянальнай групе жыхароў краіны лічаць роднаю не сваю, а расейскую мову. Улады хацелі б, каб гэты адсотак быў больш высокі за сапраўдныя зьвесткі, атрыманыя падчас перапісу. Таму нязручныя лічбы і не паказвалі так доўга. (Трусаў: ) "Цэлы год я ня мог атрымаць зьвестак апошняй графы — другая мова, якой вольна валодае грамадзянін Рэспублікі Беларусі. Мы, дарэчы, увесь час выступалі супраць гэтага пытаньня, таму што мы ведалі, што некаторыя хацелі атрымаць 100% расейскай. І каб нас паслухаліся, дык не было б 4,1%. А во не паслухаліся, атрымалі адпаведную лічбу, якая сьведчыць, што палітыка Мураўёва і яго сёньняшніх хаўрусьнікаў ня дала таго плёну й блізка, якога яны хацелі". А хацелі ўлады, лічыць А.Трусаў, каб беларускую мову сваёй другой мовай назвала абсалютная бальшыня насельніцтва, расейскую ж, зразумела, каб лічылі сваёю роднаю таксама пераважна ўсе жыхары краіны. Аднак канчатковыя зьвесткі перапісу паказваюць, што толькі 14,6% беларусаў адмовіліся прызнаць беларускую мову роднай. Гэтая лічба, кажа Алег Трусаў, абсалютна сэнсацыйная, бо яна паказвае, што разрэклямаваны нацыянальны нігілізм беларусаў насамрэч ёсьць толькі прапагандысцкім мітам. Рэальнасьць жа ў тым, што расейскую мову лічаць роднаю больш чым 16% палякаў, амаль 43% украінцаў ды 77% габрэяў. Калі браць усе нацыянальныя супольнасьці краіны разам, дык роднаю моваю расейскую прызналі 24,1%. Статыстыка беларусаў на гэтым фоне супярэчыць сьцьвярджэньням уладаў ды цяперашняй нацыянальнай палітыцы ў дачыненьні да карэннага этнасу. 85,6% беларусаў лічаць мову тытульнае нацыі краіны сваёю роднаю, палова зь іх паслугоўваецца ёю дома. Прычым у гэтую палову ўваходзіць чвэртка гараджанаў. Надзвычай яскравыя тут лічбы па Менску. Толькі траціна ягоных жыхароў лічаць расейскую мову роднаю. А сярод менчукоў-беларусаў такіх чвэртка. Сярод сталічных палякаў такіх 29%, украінцаў — амаль 57% і габрэяў — больш за 80%. Названыя лічбы мусяць стаць для беларусаў велізарным стымулам у адстойваньні сваіх нацыянальных правоў, лічыць старшыня ТБМ Алег Трусаў. (Трусаў: ) "Мы павінны цяпер скарыстацца вынікамі перапісу ды запатрабаваць ад усіх органаў Міністэрства адукацыі перавесьці наша школьніцтва ў адпаведнасьці зь перапісам — расейскамоўных вучняў ня мусіць быць больш за 24–25% у цэлым па Беларусі. Бо толькі ў вучняў гэтых бацькоў родная мова расейская, астатнія мусяць вучыцца па-беларуску, па-польску ды на іншых мовах". Узброеныя гэтымі лічбамі, тэбээмаўцы 10 студзеня зьбіраюцца на сустрэчу з кіраўніцтвам управы адукацыі Менгарвыканкаму, каб дамагацца ад яго адкрыцьця ў новым навучальным годзе беларускіх школаў, якая будзе прапарцыйнай колькасьці беларускамоўных менчукоў. Яны ж заклікаюць да актыўнасьці ў гэтай справе сваіх сяброў у іншых рэгіёнах. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |