RFE/RL |
Панядзелак, 8 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Уначы з 5 на 6 студзеня ў адной з віцебскіх турмаў адбыўся стыхійны бунт зьняволеных, які на наступны дзень быў падаўлены АМОНам. Стыхійныя масавыя пратэсты распачаліся ў віцебскай папраўчай калёніі непаўнагадовых, вядомай пад назвай ВТК-1, а 19 гадзіне 5-га студзеня. Штуршком для пратэсту сталіся наступныя падзеі. Адзін зь непаўнагадовых выхаванцаў шостага атраду паліў у недазволеным месцы. За гэта ён ды яшчэ двое непаўнагадовых былі выкліканыя ў адміністрацыю дзеля размовы, аднак астатнія выхаванцы вырашылі, што іх павялі адразу ў дысцыплінарны ізалятар, дзе на той час ужо ўтрымліваліся двое пакараных падлеткаў. Стыхійнае незадавальненьне ў атрадзе вырасла да крытычнай мяжы. Нават калі ўсіх трох выхаванцаў пасьля тлумачальнай гутаркі вярнулі ў атрад, насьпелы бунт спыніць ужо было немагчыма. 219 выхаванцаў шостага атраду зачыніліся на другім паверсе, забарыкадавалі дзьверы, выбілі шыбы ды пачалі патрабаваць вызваленьня з карцару двух пакараных. Потым падлеткі падпалілі мэблю ды асабістыя рэчы, і адміністрацыі давялося выклікаць ужо ня толькі міліцыянтаў ды АМОН, але яшчэ і пажарнікаў. Уясго ў ліквідацыі беспарадкаў прымалі ўдзел 299 чалавек. Супрацьстаяньне доўжылася ўсю ноч, і спыніць бунт удалося толькі раніцай 6 студзеня. Вынікі гэтай падзеі наступныя: адзін з міліцыянтаў зьмешчаны ў шпіталь з траўмаю галавы, 42 выхаванцы шостага атраду зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар, 49 выхаванцаў разьмеркаваныя па іншых віцебскіх калёніях, памяшканьні аднаго з будынкаў калёніі вымагаюць капітальнага рамонту, а ва ўсёй калёніі абвешчанае цяпер надзвычайнае становішча. Па факце масавага парушэньня рэжыму вядзецца сьледзтва, прычыны бунту вывучаюцца, ужо выяўлена 9 ягоных непаўнагадовых ініцыятараў. Як паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода адзін з віцебскіх супрацоўнікаў МЧС, гэты бунт лічыцца сёньня выключным выпадкам. Апошні раз падобныя падзеі адбываліся ў Віцебску больш як 10 год таму. Браніслава Станкевіч, Віцебск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |