RFE/RL |
Панядзелак, 8 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Вядомае ў Наваполацку Аб’яднаньне культурна-асьветніцкіх ініцыятываў “Усяслаў Чарадзей” пазбавілася прытулку. На загад мясцовых уладаў яно мусіць вызваліць памяшканьне, якое да апошняга часу займала. Праблемы ў згаданага аб’яднаньня пачаліся ў ноч з 12 на 13 сьнежня летась, калі ягоны офіс быў абрабаваны, прычым зламысьнікі ўбіліся ў памяшканьне з дапамогай ключоў і выкралі тры кампутары ды іншыя каштоўныя рэчы. Кіраўнік аб’яднаньня Васіль Храмцоў адразу зьвярнуўся ў міліцыю, і тая, нібыта, пачала шукаць крадзенае. А пасьля трох тыдняў пошукаў у офіс завітаў участковы міліцыянт і загадаў да 10 студзеня вызваліць памяшканьне, бо, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, грамадзкія арганізацыі ня маюць права ладзіць свае офісы ў жыльлёвым сэктары. На пытаньне, чаму ж іншыя грамадзкія арганізацыі займаюць плошчы ў жыльлёвым сэктары, і ніхто іх не чапае, участковы міліцыянт патлумачыў, што высяленьне ўчыняецца з санкцыі кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Аляксандра Камарова. Аб’яднаньне “Усяслаў Чарадзей” было занаванае ў сакавіку 1998 году і шмат паспрыяла разьвіцьцю нацыянальнай культуры ў горадзе – тут ладзіліся сэмінары і сходы, працаваў нацыянальны ўнівэрсытэт гісторыі і паліталёгіі, былі арганізаваныя кампутарныя курсы, выдаваўся штомесячны інфармацыйны бюлетэнь “Дзяньніца”, а таксама шэраг іншых выданьняў. Апроч таго “Усяслаў Чарадзей” аказваў падтрымку нацыянальным суполкам, што дзеюць у заходняй частцы Віцебскай вобласьці. Камэнтуючы захады ўладаў, спадар Храмцоў адцеміў, што беларускім арганізацыям апошнім часам нельга займаць памяшканьні ня толькі ў жыльлёвым сэктары, але і ў грамадзкім. Так, мясцовая вэртыкаль забяраняе палацам культуры здаваць у арэнду памяшканьні для правядзеньня імпрэзаў, якія ладзіць “Усяслаў Чарадзей”, а таксама забараняе адміністратарам гатэляў разьмяшчаць гасьцей, што прыяжджаюцьц на імпрэзы. Паказальны ў гэтым сэнсе лёс гарадзкога цэнтру нацыянальнай культуры, які быў заснаваны 7 год таму і меў на мэце падтрымку беларушчыны. На сёньняшні дзень улады выдалілі з цэнтру практычна ўсе беларускія суполкі, і там засталася хіба што адна майстэрня лозапляценьня. Акурат напярэдадні Новага году са сваіх майстэрняў былі выкінутыя беларускія мастакі Ігар Кургалаў ды Сяргей Дзьмітрыеў – майстэрні іхнія месьціліся пры цэнтры, а таксама беларуская дзіцячая гуманітарная школка, якая на шчасьце знайшла сабе прытулак у сьценах полацкага ўнівэрсытэту. Улады, адзначыў спадар Храмцоў, у сваім антынацыянальным імпэце нават беларускія шыльды на наваполацкіх крамах замянілі на расейскія. Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |