RFE/RL |
Панядзелак, 8 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Мінула паўгады, як пры загадкавых абставінах у Менскім аэрапорце зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Сваякі апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага лічаць, што сьледзтва ў справе пошукаў не дало ніякіх станоўчых вынікаў. Нагадаем, Зьміцер Завадзкі зьнік летась 7 ліпеня па дарозе ў аэрапорт Менск-2, куды ён ехаў, каб сустрэць Паўла Шарамета. Адразу пасьля гэтага транспартная пракуратура распачала крымінальную справу. Празь нейкі час былі арыштаваныя падазраваныя ў выкраданьні і забойстве апэратара ОРТ 5 чалавек — афіцэры спэцпадразьдзяленьня МУС “Алмаз” і аховы прэзыдэнта. Аднаму з арыштаваных зьмянілі меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Ягоныя бацькі занепакоеныя цяперашнім псыхічным станам свайго сына. Іншыя арыштаваныя пераведзеныя ў псыхіятрычны шпіталь для мэдычнага дасьледаваньня. Гаворыць жонка Зьмітра Сьвятлана Завадзкая: (Завадзкая: ) "Я ў пятніцу была ў сьледчага і размаўляла зь ім. Немагчыма нічога зразумець. Усе ўстановы вядуць гэтую справу асобна адна ад другой: МУС, пракуратура, КГБ... І яны не абменьваюцца інфармацыяй. Як гэтак можна? Ня ведаем, што рабіць у такой сытуацыі. Зьбіраемся наведаць Навумава, каб той сам паведаміў нам тое, што казаў наконт затрыманых у справе. Ён казаў, што ні Ігнатовіч, ні ўсе астатнія ня маюць дачыненьня да гэтай справы. Трэба нам самім гэта пачуць ад яго. Акрамя таго, сьледчы казаў, што арыштаваным зьмянілі фармулёўку абвінавачваньня. Калі раней сьледзтва іх абвінавачвала ў выкраданьні і забойстве Дзімы, то цяпер — толькі ў выкраданьні. Гэта дае нейкую маленькую надзею. Сьледчы паведаміў, што арыштаваных прыносяць з допыту на насілках. Неяк гэта дзіўна." Напярэдадні навагодніх сьвятаў маці і жонка Зьмітра Завадзкага накіравалі ліст прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, каб той паспрыяў у пошуках. Дырэктар ОРТ Канстанцін Эрнст да гэтага ліста дадаў яшчэ адзін — ад тэлекампаніі. Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |