RFE/RL |
Панядзелак, 8 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
А.Лукашэнка выступіў у мінулую суботу зь перадвыбарчымі праграмнымі заявамі, зь якіх вынікае, што ён ня думае зьмяняць цяперашні палітычны і эканамічны курс. Камэнтары апазыцыйных беларускіх палітыкаў. А.Лукашэнка ў інтэрвію праграме БТ “Панарама” заявіў, што вынікам ягонай дзейнасьці стала “моцная дзяржаўная ўлада”, і што, рыхтуючыся да сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў, ні ў якіх зьменах унутранай і знешняй палітыкі ён ня бачыць патрэбы. Апазыцыйныя палітыкі расцанілі гэты выступ як пачатак перадвыбарчай кампаніі. Гаворыць адзін зь лідэраў Партыі БНФ Юры Хадыка. (Хадыка: ) "Увесь гэты выступ, які камэнтаваў Казіятка — гэта ж тыповыя перадвыбарчыя заявы". Сярод шматлікіх перадвыбарчых заяваў Лукашэнкі ягоныя апанэнты знайшлі адзіны станоўчы момант. Мяркуючы па словах Лукашэнкі, выбары ўсё ж будуць прызначаныя, прычым, у меркаваныя тэрміны. Гаворыць старшыня Выканкаму АГП Яўген Лабановіч: (Лабановіч: ) "Самае галоўнае, што людзі пачынаюць разумець — і дзякуючы гэтаму выступу таксама, што прэзыдэнцкія выбары адбудуцца, і што на гэтых выбарах можна будзе галасаваць і не за Лукашэнку. Гэта людзі ўжо разумеюць. А гэтыя шматлікія яго выступы, якіх будзе яшчэ шмат… Я ня думаю, што яны змогуць некага ўвесьці ў зман". А.Лукашэнка назваў жа Аб'яднаную Грамадзянскую Партыю “буржуйскай”. Вось што кажа на гэта старшыня Выканкаму АГП Я.Лабановіч: (Лабановіч: ) "Ён жа лічыць гэтае слова "буржуй", а мы гэтак ня лічым. Бо буржуі — гэта людзі ініцыятыўныя, капіталісты, яны не патрабуюць ад дзяржавы ніякай фінансавых сродкаў ды плоцяць падаткі дзяржаве. Таму, калі мы партыя буржуяў — што ж, вельмі добра". А.Лукашэнка шмат гаварыў пра сваіх патэнцыйных супернікаў, пра адзінага кандыдата ад апазыцыі і пра свае перавагі над імі, але вельмі мала ўвагі надаў праблемам эканомікі. Адзін з магчымых супернікаў Лукашэнкі ў прэзыдэнцкай гонцы Міхаіл Чыгір бачыць адзіны пазытыўны момант у выказваньні пра неабходнасьць вызваліць з турмаў каля 25 тысячаў асуджаных за дробныя злачынствы. Рэшта выказваньняў, на думку М.Чыгіра, была неканструктыўнай. (Чыгір: ) "Што ён — ня бачыць, якое становішча ў нашай краіне? Што ён — не разумее, што гэта шлях у нікуды? І ён заявіў, што мы працягнем гэты накірунак, будзем рухацца туды ж. І што ж, мы будзем надалей у міжнароднай ізаляцыі? Гэта што — у нас як не было, так і ня будзе інвэстыцыяў? Мы будзем купляць сельскагаспадарчую прадукцыю з Расеі? І наогул мяне гэта вельмі ўразіла: ён жа ня бачыць, што робіцца ў краіне! Я зрабіў выснову, што Лукашэнка ня можа зьмяніць накірунку сваёй дзейнасьці, не ўсьведамляе сваіх памылак і ня можа выпраўляць становішча. Гэта вельмі страшна". Міхаіл Чыгір мяркуе, што Лукашэнка сваім выступам пацьвердзіў свае дрэнныя адносіны з кіраўнікамі прадпрыемстваў і нават з намэнклятурай выканаўчай улады. (Чыгір: ) "Ад інтэлігенцыі, ад кіраўнікоў, ад разумных людзей ён аніякай падтрымкі мець ня будзе. Застаецца рабіць стаўку толькі на тых, хто, як пісаў Ніл Гілевіч, за сваёй працай нічога ня бачыць і ня чуе, акрамя як раз на тыдзень нашага тэлебачаньня — на якім такія махляры як Казіятка прыводзяць лічбы страшэнныя ды кажуць: а гэта ня вельмі дрэнна, гэта добрая тэндэнцыя". Склалася ўражаньне, што А.Лукашэнка наўмысна спрабуе адмежавацца ад чыноўнікаў ды зазначае, што ён, як і ў 1994 годзе, застаецца сам-насам з простым народам. Гаворыць адзін зь лідэраў Партыі БНФ Юры Хадыка. (Хадыка: ) "Сярод тых ідэяў, што выказаў Лукашэнка, безумоўна, кідаецца ў вочы спроба выставіць сябе незалежным кандыдатам. Сацыёлягі вылучаюць тры паняцьці: Лукашэнка, Антылукашэнка — кандыдат ад апазыцыі і кандыдатура, якую называюць незалежнай. Згодна сацыялягічным апытаньням гэты гіпатэтычны, штучна скроены, так званы незалежны кандыдат зьбірае найбольшую колькасьць прыхільнікаў. І вось спрабуючы скарыстацца жаданьнямі электарату, Лукашэнка імкнецца навесіць на сябе гэтую лейбу, візытоўку незалежнага кандыдата. Хаця ягоная залежнасьць хаця б ад Масквы была відавочнай". Яшчэ адна непраўдзівая выснова Лукашэнкі, на думку Юр'я Хадыкі, датычыцца пачуцьця стабільнасьці і абароненасьці ў грамадзтве, якія быццам бы забясьпечыў цяперашні рэжым. Гэта ня так, мяркуе Ю.Хадыка, бо менавіта пры Лукашэнку пачалі зьнікаць палітычныя дзеячы ды шматкроць павялічылася эміграцыя зь Беларусі. Ю.Хадыка зазначыў, што першыя накіды перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі ня надта дасканалыя, і апазыцыя, на яго думку, мае шанцы эфэктыўнага змаганьня зь ёю. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |