RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 8 Студзеня 2001

Сёньня:



Нягледзячы на працягваны страйк, прадпрымальнікі Рагачову адзначылі праваслаўныя Каляды дабрачыннай акцыяй.

Учора, у дзень Нараджэньня Хрыстова, рагачоўскія прадпрымальнікі адведалі дзяцей-сірот, якія засталіся без бацькоў і знаходзяцца пад апекаю сваякоў ці знаёмых. Дзецям прадпрымальнікі падрыхтавалі калядныя падарункі. Што менавіта, распавядае ініцыятар акцыі, старшыня рагачоўскага грамадзкага Аб'яднаньня прадпрымальнікаў Уладзімер Ціхінскі.

(Ціхінскі: ) "Абутак і адзеньне, але ў асноўным было адзеньне".

Сродкі на дабрачынную акцыю прадпрымальнікі зьбіралі супольна, а абутак і адзеньне — падабралі ў сваіх жа гандляроў гэтым таварам.

Аднак большасьць рагачоўскіх прадпрымальнікаў гандляваць сёлета яшчэ не выходзіла. Яны па-ранейшаму працягваюць страйк у абарону сваіх правоў і на працу думаюць выйсьці толькі 14 студзеня.

Працягваюць абвешчаны страйк і рэчыцкія прадпрымальнікі. Яны не пачалі працы нават 6 студзеня — напярэдадні праваслаўных Калядаў. Паводле словаў старшыні Свабоднага прафсаюзу Зураба Барбакадзэ, ня вытрымалі дамоўленага тэрміну страйку толькі каля паўдзясятка дробных гандляроў.

Іншая сытуацыя склалася ў Калінкавічах, Мазыры і абласным цэнтры. 6 студзеня тут працавала пераважная большасьць гандляроў. Непаразуменьне ў страйкоўцаў выклікалі распаўсюджаныя ў рэгіёне інфармацыйныя бюлетэні кіраўніка беларускага Страйкаму прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага, у якіх дата страйку пазначалася з 1-га па 5-га студзеня.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу з Калінкавічаў Леанід Астаповіч лічыць, што мэтазгодна працягваць страйк толькі супольна, калі ён доўжыцца аднолькава ва ўсіх гарадох. Ён кажа:

(Астаповіч: ) "Мы 5 дзён трымалі страйк і мяркуем , што ўлады задумаюцца, чаму гэта адбылося і што варта ім рабіць надалей? Калі нічога ў нашых правох ня зьменіцца, трэба будзе, мяркую, распачынаць страйк на месяц".

Казімер Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org