RFE/RL |
Панядзелак, 8 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
(эфір 6 студзеня) Навіны культуры мінулага тыдня. Экспэртная рада Міністэрства культуры падсумавала вынікі конкурсу праектаў помніка Пятру Машэраву. Журы на чале з намесьнікам міністра Валер’ям Гядройцам прысудзіла адразу дзьве прэміі (другую і трэцюю) аднаму скульптару — Валянціну Занковічу. Праект Занковіча ўяўляе сабой бронзавую постаць Машэрава (дарэчы, надта хударлявую), які стаіць з ганарліва скрыжаванымі на грудзёх рукамі побач з Палацам спорту. Першую прэмію журы пастанавіла не прысуджаць, каб можна было прыцягнуць новых аўтараў, пагатоў што конкурс доўжыўся толькі тры месяцы. Частка сябраў рады выказалася за тое, каб усталяваць помнік Машэраву на Цэнтральнай плошчы — там, дзе колісь падпіраў неба бронзавы Сталін. Беларускамоўныя рыцарскія клюбы “Жалезны воўк” з Полацку, “Княскі гуф” зь Менску, “Дайнава” зь Ліды і “Берасьцейская харугва” наладзілі ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры выставу “Рыцары Вялікага Княства”. Выставу складаюць 9 поўных рыцарскіх дасьпехаў, зробленых паводле ўзораў XIV—XVII стагодзьдзяў, а таксама здымкі турніраў і паляваньняў з арбалетамі. Музэй, на жаль, ня мае грошай, каб набыць дасьпехі для пастаяннай экспазыцыі. Газэта “Навінкі” і “Музыкальная газета” рыхтуюць акцыю “Рок-гільятына’2000”, якая мае стацца альтэрнатываю традыцыйнай “Рок-каранацыі”, заплянаванай сёлета на 26 студзеня. Шляхам усенароднага апытаньня будуць вызначаныя пераможцы ў намінацыях “Найгоршы рок-гурт году”, “Найменш цікавы альбом”, “Найбольш бессэнсоўны тэкст”, “Музычны правал году” ды іншых. Пераможцы будуць прынародна гільятынаваныя ў першую нядзелю лютага. Журналісты спадзяюцца, што абезгалоўленым музыкам хопіць гумару не крыўдаваць на справядлівую крытыку. У студзені павінна адбыцца сустрэча Лукашэнкі зь дзеячамі белрускай культуры. У сьпісе ўдзельнікаў, які склала Міністэрства культуры, фігуруюць каля 500 прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і “культасьветработнікаў” з усіх рэгіёнаў краіны. Можна не сумнявацца, што Лукашэнка паспрабуе падкупіць дзеячаў занядбанай культуры чарговымі абяцанкамі і запатрабуе актывізаваць культурнае жыцьцё ў правінцыі, дзе жыве ягоны асноўны электарат: напярэдадні выбараў народ мусіць мець ня толькі хлеб, але і відовішчы. Між тым, студзень будзе асабліва цяжкім месяцам для дзяржаўных установаў культуры, бо гэтае міністэрства не атрымала зь бюджэту ўсіх належных яму ў мінулым годзе грошай. Саюз пісьменьнікаў абвесьціў адкрыты конкурс драматургічных твораў для дзяцей пад слёганам “На цябе, наша моладзь, надзея”. Мэтай конкурсу — актывізацыя школьнай і клюбнай самадзейнасьці, а таксама абнаўленьне рэпэртуару тэатральных гурткоў (драматычных, лялькавых і батлейкавых). Лепшыя з дасланых на конкурс п’есаў, абразкоў, інсцэніровак беларускіх казак і клясычных твораў атрымаюць прызы і будуць апубдікаваныя ў часопісах і асобным зборнікам. Менская школа званароў і прадпрыемства “Выдатнае ліцьцё” выступілі зь ініцыятываю наладзіць на праваслаўнае Ражство юбілейны калядны перазвон. Мяркуецца аб’яднаць у агульнай партытуры званы ўсіх праваслаўных сабораў, храмаў і манастыроў на тэрыторыі Беларусі. Перазвон адбудзецца 7 студзеня адразу пасьля дзённага набажэнства. Юрась Барысевіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |