RFE/RL |
Пятніца, 5 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Мікола Мельнічэнка, афіцэр украінскіх спэцслужбаў, былы ахоўнік прэзыдэнта Кучмы, выклікаў новы скандал на Ўкраіне. Мельнічэнка сьцьвярджае, што ён вёў сакрэтныя запісы перамоваў Кучмы, якія даюць падставы абвінаваціць прэзыдэнта ў злачынных дзеяньнях. Мельнічэнка сьцьвярджае, што прэзыдэнт Кучма меў дачыненьне да адмываньня грошай, плянаваў зьнікненьне вядомага журналіста Георгія Гангадзэ. Сярод розгаласу, выкліканага гэтымі заявамі, зноў гучаць заклікі да адстаўкі прэзыдэнта. Між тым Леанід Кучма абвяргае аўтэнтычнасьць кампрамэтуючых запісаў. Мельнічэнка ж, пасьля абнародаваньня скандальных фактаў, хаваецца па-за межамі Ўкраіны. Аднак ён пагадзіўся даць тэлефоннае інтэрвію супрацоўнікам Украінскай службы нашага Радыё. Мельнічэнка патлумачыў, чаму ён рабіў запісы, і што запісанае на яго стужках. Але найперш ён адказаў на абвінавачаньні на адрас яго самога: бо яго крок даў падставу некаторым назваць Мельнічэнку здраднікам. Вось рэакцыя Мельнічэнкі: (Мельнічэнка: ) “Я здрадзіў, таму што я ведаю, куды пайшлі народныя грошы – мільярды, больш чым паўтары мільярды даляраў. Я здрадзіў інтарэсам прэзыдэнта у той час, як ён адмываў грошы, як ён даваў указаньні, як ён будаваў дачы па чатыры мільёны, па сем мільёнаў, па дзьвесце пяцьдзесят мільёнаў даляраў. Так, я здрадзіў яго інтарэсам, але ўлічвайце інтарэсы народа”. Мельнічэнка таксама заявіў, што яго стужкі адлюстроўваюць дачыненьне Кучмы як да шырокараспаўсюджанай карупцыі, так і да нэўтралізацыі яго праціўнікаў. Афіцэр спэцслужбаў сьцьвярджае, што, напрыклад, адзін з жытомірскіх прадпрымальнікаў заплаціў Кучму пяць мільёнаў даляраў золатам. Аднак гэтыя грошы не пайшлі на выплату затрыманых зарплатаў ці пэнсіяў. Мельнічэнка сьцьвярджае, што на загад прэзыдэнта таксама быў зьдзейсьнены замах на яго палітычнага апанэнта Натальлю Вітрэнка, якая была паранененыя пры выбуху ручной гранаты. А паколькі Кучма занадта адчувальны да крытыкі, то ён, паводле словаў Мельнічэнкі, меў дачыненьне і да зьнікненьня вядомага апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзе: (Мельнічэнка: ) “Ці прыбралі Георгія, ці не – я такой інфармацыі ня маю. Я лічу, што Георгі жывы. Мэтай было толькі зламаць яго волю і паказаць, што ён вінаваты значныя сумы тым структурам, на якія працаваў. У мяне няма доказаў, што ён жывы, як і доказаў таго, што ён зьнішчаны. У мяне ёсць доказы таго, што яго “замовіў” прэзыдэнт Кучма і ёсьць доказы, што прэзыдэнт вельмі хваляваўся пра лёс Гангадзэ пасьля яго зьнікненьня”. Гаварыў Мікола Мельнічэнка. Журналіст Гангадзэ, рэдактар незалежнай інтэрнэт-газэты “Ўкраінская праўда” зьнік у верасьні па дарозе з працы дадому. Пасьля падобнае цела забітага было знойдзенае ў лесе, але дагэтуль экспэртыза не дала заключэньня, што абезгалоўленае цела – астанкі журналіста Гангадзэ. Алена Ціхановіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |