RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 5 Cтудзеня 2001

Сёньня



Крызыс чэскага тэлебачаньня застаецца галоўнай палітычнай праблемай краіны. У сувязі з гэтым учора старшыня парлямэнту Вацлаў Клаўс абвесьціў становішча надзвычайнай заканадаўчай неабходнасьці. Сёньня парлямэнт абмяркоўвае сытуацыю і новую рэдакцыю закона, якім рэгулюецца дзейнасьць чэскага тэлебачаньня.

Чэскае тэлебачаньне ўзьнікла 1 студзеня 1992 года . У законе яго задача акрэсьлена так: “Служыць грамадзкасьці стварэньнем свабодных і незалежных тэлевізійных праграм”.

Кіраўніка Чэскага телебачаньня абірае Рада з дзевяці сябраў – на сёньня ў яе складзе людзі, намінаваныя кіруючымі партыямі сацыял-дэмакратаў – Мілаша Зэмана і Грамадзянскай дэмакратычнай – Вацлава Клаўса. Таму журналісты характарызуюць Раду як падоўжаную руку палітыкаў, што замінае ім годна выконваць свае прафэсійныя абавязкі. Нагадаю, што на працягу году Рада замяніла трох кіраўнікоў тэлебачаньня. Асаблівыя пярэчаньні большай часткі журналісцкага калектыву выклікала асоба апошняга кіраўніка, прызначанага ў сьнежні – Іржы Годача. Праз некалькі дзён пасьля яго ўступленьня ў функцыю журналісты пачалі страйк: заблякаваўшыся ў апэратарскай, яны пачалі выпускаць у эфір сваю вэрсію выпускаў навінаў. 3 студзеня на падтрымку журналістаў у цэнтры Прагі была праведзеная статысячная дэманстрацыя. Іржы Годач не падаў у адстаўку, аднак учора трапіў у шпіталь у стане нэрвовага зрыву.

Ад гэтага факту адштурхоўваўся сёньня прэм’ер Мілаш Зэман, гаворачы пра сьмяротнасць ці частую зьмену генэральных дырэктараў чэскага телебачаньня:

(Земан: ) “Сьмяротнасьць генэральных дырэктараў чэскага телебачаньня незвычайна высокая, і гэта сьведыць пра нешта гнілое ў тэлевізійнай дзяржаве. З гэтай прычыны выказваюся за сыстэмны падыход, а не зьвядзеньне праблемы да адной асобы,” – адзначыў Мілаш Зэман.

Сёньня на паседжаньні парлямэнту большасьць дэпутатаў выказваліся за адстаўку Годача. Ян Касал, лідэр хрысьціянскіх дэмакратаў, між тым, адзначыў, што за крызыс нясуць адказнасьць усе партыі, якія пагадзіліся з фармаваньнем мэдыяльнага органу – гэта значыць тэлевізійнай Рады – паводле партыйнага прынцыпу. Кіраўнік Уніі Свабоды Карэл Кынл таксама лічыць, што нельга ўскладаць усю віну на Годача: “Ён аказаўся марыянэткай у руках Рады, якая маніпулявала ім у безнадзейнай сытуацыі”. Касал і Кынл прапанавалі рэзалюцыю, дзе гаворыцца, што чэскае телебачаньне не выконвае свае, прадугледжаныя законам, функцыі. Калі такая рэзалюцыя пройдзе двойчы на працягу шасьці месяцаў, тэлівізійная Рада можа быць распушчаная.

Вацлаў Клаўс, стаўленікам якога называюць Іржа Годача, на сёньняшняй сэсіі парлямэнту прапанаваў правесьці прыватызацыю чэскага грамадзскага тэлебачаньня. Паводле Клаўса, перамога рэвалюцыйных журналістаў была б найгоршым выхадам з крызысу, за якім ён бачыць пэўную палітычную рэжысуру.

Журналісты-страйкоўцы ідэю прыватызацыі адкідаюць. На сёньня ў Чэхіі ўжо існуюць два прыватных тэлеканалы – “Nova” і  “Prima”. Два каналы чэскага грамадзскага тэлебачаньня, якое фінансуецца дзяржавай, разглядаюцца як свайго роду раўнавага на рынку тэлевізійных мэдыяў.

Алена Ціхановіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org