RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 5 Студзеня 2001

Сёньня:



У Бабруйскае аддзяленьне Беларускага Гельсынскага камітэту ад журналіста недзяржаўнай газэты "Камэрцыйны кур'ер" паступіла скарга пра зьбіцьцё яго міліцыянтамі. Гэта ўжо чацьвертая скарга, якую разглядаюць бабруйскія праваабаронцы.

Загадчык аддзелу культуры бабруйскай газэты "Камэрцыйны кур'ер" Уладзімер Рэпік ужо прайшоў экспэртызу і накіраваў адпаведную скаргу ў пракуратуру Ленінскага раёну Бабруйску. Як стала вядома, яго спачатку зьбілі некалькі юнакоў, а калі ён зьвярнуўся да міліцыянтаў, затрымалі і яго.

Паводле ягонай інфармацыі, міліцыянты пазналі яго як журналіста, абзывалі "пісакам", абражалі і некалькі разоў ударылі па галаве. Як сьцьвярджае ў заяве ў пракуратуру спадар Рэпік, супрацоўнікі Ленінскага раённага аддзелу ўнутраных справаў Бабруйску адмовіліся прад'явіць пасьведчаньні, вызвалілі ўсіх тых, хто зьбіваў яго, а ён быў вымушаны правесьці ва ўчастку 12 гадзінаў.

Ён лічыць, што гэткія дзеяньні міліцыянтаў абумоўленыя ягонымі крытычнымі артыкуламі ў іхны бок. Вось як ён камэнтуе паводзіны міліцыі:

"Яны палохаюцца вольнага слова — калі журналіст зьбірае інфармацыю і распаўсюджвае яе. А я пабачыў недахоп, прыкладам, п'янага міліцыянта, і не магу не напісаць пра гэта".

Кіраўнікі газэты пацьвердзілі, што непрыемнасьці з праваахоўчымі органамі пачаліся ва Ўладзімера Рэпіка яшчэ ў 1996 годзе, калі ён напісаў артыкул "Дзеці перабудовы" пра ігнараваньне такой зьявы як дзіцячая прастытуцыя.

У Ленінскім раённым аддзеле ўнутраных справаў Бабруйску паведамілі, што паводле заявы вядзецца службовае расьсьледаваньне, і яны пакуль што ня могуць пракамэнтаваць падзеі.

Кіраўнік бабруйскіх праваабаронцаў Яўген Чыпурышкін адзначыў, што ў аддзяленьні БГК знаходзяцца ўжо чатыры скаргі з выкладаньнем фактаў зьбіцьця людзей супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Бабруйску. Сярод пацярпелых — рабочы Аляксей Багданаў, вайсковы падпалкоўнік у адстаўцы Георгі Ражкоўскі, мастак Міхаіл Семяненка.

Так, рабочы Аляксей Багданаў быў зьбіты напрыканцы мінулага году, калі адмовіўся падпісаць пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне. Міліцыянты заявілі, што юнак п'яны, але ж адмовіліся правесьці адпаведную экспэртызу.

Аляксандар Сердзюкоў, Бабруйск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org