RFE/RL |
Пятніца, 5 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Заўтра спаўняецца тры месяцы з таго дня, калі былы магілёўскі губэрнатар Міхаіл Дражын падаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Лёс беспрацоўнага Дражына яскрава пераконвае, што цяперашнія беларускія ўлады не даруюць наймалога адступленьня ад усталяванных імі правілаў жыцьця. Летась 6 кастрычніка старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Міхаіл Дражын падаў у адстаўку. Заява была нечаканай, бо за два тыдні да гэтага Лукашэнка падчас свайго візыту на Магілёўшчыну адзначаў: з прыходам Дражына ў эканоміцы вобласьці зьявіліся зьмены да лепшага. На Магілёўшчыне Дражын прапрацаваў паўтара гады. Менавіта ён замяніў губэрнатара Аляксандра Кулічкова, якога Лукашэнка зьняў з пасады непасрэдна на нарадзе, што праходзіла ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Беларускае тэлебачаньне тады некалькі разоў паказала, як Лукашэнка літаральна зганьбіў Кулічкова, якога ахоўнік вывеў з залі, не дачакаўшыся нават заканчэньня нарады. Калі Дражына прызначылі ў Магілёў, шмат хто думаў, што вобласьці пашанцавала. Рэпутацыя ў новага губэрнатара была добрая. Асабліва ён вызначыўся, калі працаваў генэральным дырэктарам аграфірмы "Ждановічы". Тут ён праводзіў рынкавыя рэформы — сваю гародніну, напрыклад, самалётамі перавозіў аж у Цюмень, а адтуль рэгулярна атрымліваў нафтапрадукты. Аграфірма мела надзвычай высокія паказчыкі. Людзі тут добра зараблялі… Генэральным дырэктарам у ёй Дражын прабыў 6 гадоў. А потым яго ўсё ж пераканалі: маўляў, трэба расьці. 4 месяцы Дражын працаваў намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму. Адсюль яго й накіравалі ў Магілёў. Даручэньне Лукашэнкі было выкладзена проста — узьняць родную вобласьць кіраўніка дзяржавы. Але гэтай вышыні Дражын не ўзяў, хаця пад ягоным кіраўніцтвам вобласьць і выканала прагнозныя паказчыкі па большасьці накірункаў. Аднак у аграрнай сфэры станоўчых зрухаў не было. Гэта й прымусіла губэрнатара ў заяве на імя Лукашэнкі напісаць, што адстаўка выкліканая няздольнасьцю выканаць даручэньні кіраўніка дзяржавы. Знаёмыя Дражына лічаць: ён проста ня змог разбурыць сьцяну неарганізаванасьці і неабавязковасьці магілёўскіх чыноўнікаў. А ўжываць іхныя мэтады не захацеў. Міхаіл Дражын не сумняваўся, што са сваім досьведам ён лёгка знойдзе новую працу. Але беспрацоўе цягнецца ўжо тры месяцы. Старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч, у якога, нагадаем, Дражын працаваў 4 месяцы намесьнікам, такога спэцыяліста ўзяў бы з усёй душой. Але з дазволу Мясьніковіча. Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі доўга пазьбягаў сустрэчаў з Дражыным, а потым прызнаўся — без Лукашэнкі гэтае пытаньне і ён ня вырашыць. Зьбянтэжаны і пакрыўджаны Дражын вырашыў вярнуцца на былую пасаду ў аграфірму. Тым больш, што існавала ў яго такая дамова са сваім былым намесьнікам Рыгорам Чуйком, якому ён перадаверыў кіраўніцтва "Ждановічамі" — калі нешта не атрымаецца, вярнуся назад. Намесьнік аказаўся чалавекам прыстойным, пайшоў у аблвыканкам ды напісаў заяву па ўласным жаданьні. А яму ў адказ — парві заяву, бо й цябе звольнім, і Дражына не прызначым. Знаёмыя Дражына ўпэўненыя: калі б ён ціхенька працаваў, ухваляў Лукашэнку, дык да гэтага дня быў бы губэрнатарам. А ён парушыў правілы гульні. Як гэта так: Лукашэнка даверыў, а ён, бачыш, не спраўляецца. А калі і іншыя гэтак?! Глядзіш, і славутая вэртыкаль парушыцца. Жыць трэба правільна, як той жа Кулічкоў. Пераседзеў апалу, нікога не турбаваў — і зноў усплыў на паверхню. Ды не абы-кім, а памочнікам самога Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях. І нічога, што гэты памочнік заваліў эканоміку Магілёўскай вобласьці. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |