RFE/RL |
Чацьвер, 4 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
А.Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад новага амбасадара Мадагаскару. Тым часам амэрыканскі амбасадар М.Козак чакае гэтае працэдуры з 20 кастрычніка. Рэспубліка Мадагаскар, што займае вялікую выспу ў Індыйскім акіяне ля паўднёвага ўзьбярэжжа Афрыкі, мае чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг: наверсе гарызантальная чырвоная паласа, унізе зялёная, а зь левага боку — вэртыкальная белая (без арнамэнту). Адметны й герб Мадагаскару. Гэта кола, уздоўж ніжняй часткі якога працягнуліся два каласкі. У цэнтры кола — геаграфічны контур межаў дзяржавы, ад якога ўверх адыходзяць промні. У Мадагаскары дзьве дзяржаўныя мовы — малагасійская ды француская, і 6 вобласьцяў, якія там завуцца "фарытані". Парлямэнт дзьвюхпалатны: ніжняя палата — Нацыянальны сход — абіраецца наўпрост на 4 гады. Верхнюю — Сэнат — фармуюць прадстаўнікі рэгіёнаў, але частку сэнатараў наўпрост прызначае прэзыдэнт. Кіраўнік дзяржавы абіраецца там на 5 гадоў. У 1995 годзе адбыўся рэфэрэндум, які пашырыў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Але ўжо ў наступным, 1996 годзе, прэзыдэнту Альбэру Зафі парлямэнт абвесьціў імпічмэнт, і той мірна пайшоў з пасады. Аднак мадагаскарская апазыцыя байкатавала апошнія парлямэнцкія выбары 1998 году. Вось якая цікавая краіна прыслала Аляксандру Лукашэнку свайго амбасадара. Нават прафэсійная дыктарка Беларускага тэлебачаньня зь цяжкасьцю вымавіла імя дыплямата: "Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Мадагаскару ў Беларусі Андраманасі… ...манахісуа Нэльсана Віктора. Гэта першы пасол Мадагаскару ў нашай дзяржаве". Відавочна, што з Мадагаскарам Беларусь мае значна больш агульнага, чым са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Ці плянуе спадар Лукашэнка прымаць даверчыя лісты ад амбасадара Козака? Пра гэта я спытаўся ў прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Паўла Латушкі: (П.Латушка: ) "Я магу сказаць, што тэрмін уручэньня даверчых грамат амбасадарам Козакам узгадняецца". (Карэспандэнт: ) "А чаму амбасадару Мадагаскара далі магчымасьць першым уручыць даверчыя граматы, хоць ён пазьней, здаецца, прыехаў?" (П.Латушка: ) "Я не хацеў бы тут рабіць нейкія такія высновы, хто прыехаў пазьней ці раней. Я яшчэ раз скажу: уручэньне даверчых грамат спадаром амбасадарам было як бы ўзгоднена, была прапанова і другога боку, і граматы былі ўручаныя. Таму яшчэ раз хачу сказаць, што ўручэньне грамат амэрыканскім амбасадарам яшчэ знаходзіцца ў стадыі ўзгадненьня". (Карэспандэнт: ) "Але ці можаце вы пацьвердзіць, што гэта адбудзецца да 14 студзеня, да навагодняга прыёму ў спадара Лукашэнкі?" (П.Латушка: ) "Я нічога не хацеў бы ні пацьвярджаць, ні абвяргаць", — урэшце заявіў Павал Латушка, прэсавы сакратар беларускага дыпляматычнага ведамства. Гэта значыць, што інтрыга вакол даверчых граматаў амбасадара ЗША ў Беларусі будзе працягвацца яшчэ немаведама колькі. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |