RFE/RL |
Чацьвер, 4 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
(эфір 3 студзеня) Зь некаторых раёнаў Берасьцейскай вобласьці прыйшлі зьвесткі, што напярэдадні Новага году чыноўнікаў мясцовай вэртыкалі прымушалі тэрмінова запаўняць так званыя асабістыя карткі. Чыноўнікі лічаць, што гэта своеасаблівы спосаб праверкі ляяльнасьці ў дачыненьні да начальства… Супрацоўнікі дзяржаўных ворганаў кіраваньня, якія запаўнялі гэтыя карткі, потым адзначалі, што зьвестак пра сябе трэба было пакінуць больш, чым пры падрыхтоўцы да турыстычнай паездкі ў якую-небудзь замежную краіну пад час існаваньня СССР. Напрыклад, кожны пакінуў быў паведаміць ня толькі агульнапрынятыя зьвесткі аб сваёй адукацыі, але таксама й дату заканчэньня кожнай навучальнай установы, атрыманую спэцыяльнасьць і нумар дыплёму. Апроч таго, трэба было ўзгадаць, якой замежнай мовай і ў якой ступені валодае асоба, што запаўняе картку. Калі і зь якой мэтай гэты чалавек наведваў іншыя краіны. Чыноўнік мусіў быў падрабязна паведаміць пра сваю працоўную дзейнасьць і прыкласьці да ўспамінаў выпіскі з працоўных кніжак. Службоўцы дзяржаўнага апарату павінныя былі распавесьці пра свае ўзнагароды, заахвочваньні, атэстацыі і курсы падвышэньня кваліфікацыі. У асабістых картках таксама былі пытаньні пра вайсковы ўлік, удзел у палітычных партыях, допуск да дзяржаўных таямніцаў і нават пра грамадзкія нагрузкі чыноўніка. Апроч грунтоўнага расповеду пра сябе запаўняльнік карткі павінен быў даць зьвесткі і пра бліжэйшых сваякоў. Для тых, хто заняты на службе дзяржаве, застаецца таямніцай, каму й навошта спатрэбіліся гэтыя падрабязныя справаздачы. Найбольш верагодная вэрсія – плянаваныя прэзыдэнцкія выбары. Напярэдадні іх гэткім чынам, хутчэй за ўсё, адшукваецца кампрамат на ня вельмі ляяльных да рэжыму прадстаўнікоў вэртыкалі. Алег Супрунюк, Берасьце
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |