RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 4 Cтудзеня 2001

Сёньня



У Чэхіі працягваецца канфлікт вакол новапрызначанага дырэктара грамадзскага тэлебачаньня. Учора ў Празе, а таксама ў Брне і Астраве, прайшлі масавыя дэманстрацыі ў падтрымку журналістаў.

Маніфэстацыя на Вацлаўскай плошчы была самае вялікая па колькасьці з 1989 году, калі “аксамітная рэвалюцыя” адправіла ў адстаўку камуністычнае кіраўніцтва і прывяла да ўлады былых дысыдэнтаў на чале з Вацлавам Гавэлам. Агенцтва Fssociated Press вызначае колькасьць удзельнікаў у 100 000 чалавек, якія прыйшлі на Вацлаўскую плошчу, каб падтрымаць страйкуючых журналістаў, якія нязгодныя з прызначэньнем новага дырэктара тэлевізіі.

Як мы ўжо распавядалі, новапрызначанага дырэктара Іржы Годача лічаць прыналежным да Грамадзянскай дэмакратычнай партыі Вацлава Клаўса. Існуе небясьпека, што партыйная ангажаванасьць новага кіраўніка можа прывесьці да таго, што чэскае грамадзскае тэлебачаньне пазбавіцца незалежнасьці і аб’ектыўнасьці. Некаторыя не выключаюць і мажлівасьці ўвядзеньня цэнзуры.

Карэспандэнт Fssociated Press адзначае, што страйкоўцы вось ужо два тыдні, пачынаючы з 20 сьнежня, начуюць у пакоі падрыхтоўкі навінаў тэлецэнтру. Новапрызначаны гендырэктар Іржы Годач загадаў спыніць інфармацыйнае вяшчаньне, і тады страйкоўцы пачалі перадаваць навіны праз спадарожнік. Спадарожнікавае тэлебачаньне ў Чэхіі глядзіць кожная пятая сям’я.

Прамоўцы пад час маніфэстацыі на Вацлаўскай плошчы крытыкавалі ня толькі новага дырэктара, але і Грамадзскую Раду, якая яго прызначыла.

“Палітыкі могуць хлусіць – заявіў Ян Габрыэль, 49-гадовы матэматык. – Менавіта таму нам патрэбная свабода слова”.

Свабода прэсы, безумоўна, мае высокую вартасьць у чэскім грамадзстве, якое яшчэ памятае час, калі тэлебачаньне было сродкам камуністычнай прапаганды.

На мітынгу прысутнічаў і прэм’ер-міністар Мілаш Зэман, які пакуль падтрымлівае новага генэральнага дырэктара. У сваім выступе спадар Зэман заявіў, што “у дэмакратычнай сыстэме маніфэстацыі ня могуць быць сродкам зьмены законаў”.

Аднак удзельнікі маніфэстацыі, сярод якіх былі і вядомыя чэскія пісьменьнікі, навукоўцы, дзеячы мастацтва, заявілі, што калі палітычныя лідэры ня здолеюць знайсьці спосаб вырашэньня канфлікту, у Чэхіі павінны быць праведзеныя датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Паводле звычайнага пляну, выбары гэтыя павіны прайсьці ў 2002 годзе.

З прычыны канфлікту на чэскай тэлевізіі Вацлаў Гавэл адклаў свой заплянаваны раней ад’езд з Прагі.

Тым часам, прадстаўнік камісіі Эўрапейскага Зьвязу Жан Крыстоф Філёры заявіў сёньня ў Брусэлі:

(Філёры: ) “Мы ўважліва сочым за разьвіцьцём падзеяў і бярэм пад увагу намер удасканаліць заканадаўства. Пакуль што я магу сказаць толькі тое, што мы ўпэўненыя: чэская дэмакратыя, якая даказала сваю жыцьцяздольнасьць у нядаўнім мінулым, знойдзе магчымасьць урэгуляваць і гэты канфлікт”.

У лісьце Генэральнага сакратара Міжнароднай Фэдэрацыі журналістаў Айдана Ўайта паведамляецца, што сябры арганізаці з больш як сотні краінаў выказваюць падтрымку чэскім журналістам і гатовыя ім дапамагчы”.

Сёньня новы кіраўнік Чэскага грамадзскага тэлебачаньня Іржы Годач быў шпіталізаваны. Дыягназ – нэрвовы стрэс.

Сяргей Навумчык, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org