RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 4 Студзеня 2001

Сёньня:



У Пінску настаўнікі з Вольнага прафсаюзу папярэдзілі мясцовыя ўлады: калі да праваслаўных Калядаў ім ня выплацяць сьнежаньскага заробку, па зімовых вакацыях яны ня выйдуць на працу.

Сёньня прадстаўнікі прафсаюзных арганізацыяў гарадзкіх сярэдніх школаў № 3 і 18 сустрэліся са старшынём Пінскага гарвыканкаму Васілём Шустом. Падчас размовы настаўнікі перадалі кіраўніку мясцовай вэртыкалі пісьмовую заяву, што калі да заўтрашняга дня ім ня выплацяць заробку за сьнежань, то па зімовых вакацыях яны адмаўляюцца выходзіць на працу.

Паводле словаў настаўнікаў, старшыня выканкаму паабяцаў выправіць становішча і ў іхнай прысутнасьці тэлефанаваў розным адказным чыноўнікам з патрабаваньнем неадкладна знайсьці грошы.

У бугальтэрыі гарадзкога аддзелу адукацыі, дзе школьным настаўнікам выплочваюць заробак, яму па-тэлефоне паведамілі, што заробкі ўжо налічаныя, але ў Нацыянальным банку зараз няма гатоўкі, каб заплаціць настаўнікам.

Як нам стала вядома, адразу пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў пазначаных школаў, Васіль Шуст склікаў у сваім кабінэце тэрміновую нараду ў справе выплаты настаўнікам заробку, на якую былі запрошаныя ягоныя намесьнікі, загадчык аддзелу адукацыі, ды іншыя адказныя чыноўнікі, а таксама кіраўнікі мясцовых банкаў, дзе, магчыма, ёсьць неабходныя грошы.

Такая занепакоенасьць вэртыкальшчыкаў зразумелая, бо калі да страйкоўцаў-прадпрымальнікаў далучацца яшчэ і настаўнікі, гэта выкліча моцны розгалас у горадзе.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org