RFE/RL |
Серада, 3 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Мірны плян, прапанаваны Вашынтонам у справе разьвязаньня канфлікту на Блізкім Усходзе, адхілены палестынцамі на чале з Ясірам Арафатам. Тым часам сытуацыя ў Ізраілі, які рыхтуецца да найгоршага разьвіцьця падзеяў, ускладнілася для прэмьер-міністра Эгуда Барака і на ўнутрыпалітычным фронце. Сёньня адна з радыкальных палестынскіх груповак – так званая брыгада “Аль Аўда”, заклікала палестынцаў зьнішчаць высокапастаўленых ізраільскіх чыноўнікаў і вышэйшых афіцэраў. Гэтая групоўка, якая ўзяла на сябе адказнасьць за выбух у Ізраілі, у выніку якога ў панядзелак былі пареныя каля сарака чалавек, абвінавачвае ізраільцянаў у “злачынствах супраць чалавечнасьці”. Напярэдадні прэмьер-міністар Ізраілю Барак вельмі скэптычна выказаўся наконт магчымасьці мірнага пагадненьня з палестынцамі. Адказваючы на пытаньні журналістаў у Ерузаліме адносна пагрозы ўзброенага канфлікту на Блізкім Усходзе, Барак заявіў, у прыватнасьці: “Мы ня верым у гэта. Нам бы гэтага не хацелася. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб да гэтага не дайшло. Аднак, мы падрыхтаваліся, і калі гэта здарыцца – мы пераможам”. Як піша сёньняшняя Washington Times, Барак упэўнены, што Ясір Арафат спрабуе дамагчыся інтэрнацыяналізацыі канфлікту да заканчэньня тэрміну прэзыдэнцтва Клінтана, падтрымліваючы тэрарызм. Але і новаабраны прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падтрымаў намаганьні Клінтана ў пошуках мірнага разьвязаньня канфлікту. “Я прызнаю той факт, што прэзыдэнт Клінтан прыкладае няспынныя намаганьні, каб зблізіць бакі дзеля ўсталяваньня трывалага міру” – цытуе газэта словы Джорджа Буша. Газэта New York Times піша аб рэакцыі на мірныя прапановы Клінтана з боку палестынцаў. Яны сьцвярджаюць, што мірны плян ігнаруе неабходнасьць стварэньня палестынскай дзяржавы і правы ўцекачоў. У мэмарандуме, выпушчаным у Вашынгтоне, гаворыцца, у прыватнасьці, што “апошнія прапановы ЗША…ня ўтрымліваюць здавальняючых умоваў, неабходных для ўсталяваньня міру” і не вядуць да “ўсталяваньня рэальнай бясьпекі.” ЗША прызнаюць права палестынскіх уцекачоў вярнуцца ў Палестыну, але не ў свае былыя дамы на тэрыторыі Ізраілю. У мэмарандуме гаворыцца, што палестынцы мусяць мець права выбару, улучна з правам вярнуцца і ў свае пакінутыя дамы. Паводле ЗША, Ізраілю маглі б адыйсьці некаторыя гэбрайскія паселішчы на Заходнім Беразе ў абмен на стварэньне палестынскай дзяржавы. На думку аўтараў мэмарандуму, гэта давзоліла б Ізраілю захаваць кантроль над большай часткай Палестыны і адрэзаць яе ад межаў зь іншымі дзяржавамі. Акрамя таго, палестынцы хацелі б ведаць – пра якія менавіта паселішчы ідзе размова. У мэмарандуме адзначаецца і праблема Храмавай гары, дзе знаходзяцца як юдэйскія, гэтак і мусульманскія сьвятыні. Прапанаваны плян, фактычна, прадугледжвае захаваньне суверынітэту Ізраілю над мячэцьцю Аль-Акса. Акрамя таго, арабскія паселішчы ва ўсходнім Ерзуаліме могуць быць разарваныя паміж ізраільскай і палестынскай дзяржавамі – гаворыцца ў мэмарандуме. Тым часам папулярнасьць Барака ў Ізраіле падае, і нават ягоныя калегі пэсымістычна глядзяць на пэрспэктыву пераабраньня на ўсеагульных выбарах 6 -га лютага – піша ірляндская Irish Times. Некаторыя сябры кабінэту міністраў заклікалі Барака адмовіцца ад любых перамоваў з Арафатам, пакуль ня спыніцца гвалт. Генэральны пракурора Ізраілю Эльякім Рубінштэйн узьняў пытаньне -- наколькі законна ды маральна для Барака працаваць над мірным пагадненьнем у той час, калі ён ужо фармальна падаў у адстаўку. Барак абвінаваціў Рубінштэйна ў асабістых палітычных амбіцыях заявіў, што той мусіць пайсьці ў адстаўку. Аднак, многія, у тым ліку міністар юстыцыі Ёсі Бейлін падтрымалі Рубінштэйна, паколькі лічаць, што ў ягоных разважаньнях ёсьць законны грунт. Віталь Тарас, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |