RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 3 Студзеня 2001

Сёньня:



Разам са скасаваньнем грошай старога ўзору ды ліцэнзіяў на валютны гандаль Нацыянальны банк Беларусі з 1 студзеня ўвёў у абарот новую банкноту, а таксама забараніў расейскім фірмам адкрываць рахункі ў беларускіх банках без дазволу Цэнтрабанку Расеі.

З 1 студзеня Нацыянальны банк выдаў новую купюру — вартасьцю ўсяго 20 рублёў. Нагадаю, што на звычайнай банкноце гэтага наміналу адлюстраваны будынак Нацбанку. Шэсьць гадоў таму гэтая купюра — тады найбуйнейшая, коштам 20 тысячаў — упершыню зьмяшчала подпіс старшыні ўправы галоўнага банку Беларусі (тады ім быў Станіслаў Багданкевіч). Цяперашні галоўны банкір Пётра Пракаповіч таксама вырашыў зрабіць 20-рублёўку векапомнаю, хоць і без свайго подпісу.

Як паведаміў сёньня Нацбанк, памятная банкнота вартасьцю 20 рублёў узору 2000 году мае адмысловы штамп з фольгі — лягатып “НБРБ” ды лічбы “1991—2001”. Гэтая купюра прысьвячаецца 10-годзьдзю Нацыянальнага банку. Яна зьмешчаная ў спэцыяльную ўпакоўку-буклет, дзе таксама намаляваны будынак Нацбанку, а яшчэ ёсьць гравюра старога Менску. На жаль, яе змогуць пабачыць ня ўсе жыхары Беларусі, бо купюра выдаецца абмежаваным накладам — пяць з паловай тысячаў асобнікаў.

Сёньня ж Нацыянальны банк паведаміў і пра больш сур’ёзныя рэчы. На чарговым паседжаньні ягонае ўправы, як сьцьвярджае прэс-рэліз, “удасканаленыя разьлікі з рэзыдэнтамі Расейскае Федэрацыі”. Насамрэч расейскім фірмам проста забаранілі адкрываць бягучыя рахункі ў беларускіх банках без дазволу Цэнтральнага банку Расеі. Цяпер, каб заплаціць за імпартовыя тавары ці паслугі зарэгістраваным у Расеі фірмам, прычым у любой валюце, трэба пералічваць грошы ў расейскія банкі, альбо, калі ёсьць дазвол Цэнтрабанку, у банкі іншых краінаў.

Беларускі Нацбанк забараніў таксама разьлікі з рэзыдэнтамі скандальна вядомай расейскай афшорнай зоны з назовам “Цэнтар міжнароднага бізнэсу ІНГУШЭЦІЯ”, калі гэтыя разьлікі вядуцца за тавары, што ўвозяцца з тэрыторыі адзінае мытнае прасторы.

Зацьверджаныя і правілы вяртаньня фізычным асобам замежнае валюты, якую яны паклалі ва ўпаўнаважаныя банкі (гэта 6 найбуйнейшых камэрцыйных банкаў Беларусі). Правілы будуць дзейнічаць ужо з 1 лютага. Яны прадугледжваюць вяртаньне валюты па першым патрабаваньні ўкладчыкаў у поўным аб’ёме і нават з налічанымі працэнтамі.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org