RFE/RL |
Серада, 3 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
Канфэрэнцыя Кампартыі Грузіі прагаласвала за рэабілітацыю Іосіфа Сталіна. Аднаго з дыктатараў мінулага стагодзьзя камуністы называюць “найбольш таленавітым палітычным дзеячом” і відавочным прыкладам для расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Вашынгтонскі аналітык нашага радыё Пола Гобла ацэньвае гэтую падзею. Кіраўнік кампартыі Грузіі Панцеляймон Геаргадзэ лічыць, што гэтае аднагалосна прынятае рашэньне падмацуе рэпутацыю, як ён выказаўся, “найбольш знакамітага сына Грузіі”. Пол Гобл заўважае, што рашэньне грузінскіх камуністаў па часе супала з вяртаньнем Расеі да былога савецкага гімну, хаця і з іншымі словамі. І больш таго, кіраўнікі грузінскіх камуністаў адкрыта заяўляюць, што іх натхніў менавіта расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Вашынгтонскі аналітык адзначае, што нягледзячы на тое, што ў выніку сталінскага тэрору грузіны пацярпелі болей, чым некаторыя іншыя нацыі, стаўленьне да Сталіна ў Грузіі звычайна было станоўчым. Мікіта Хрушчоў пачаў кампанію дэсталінізацыі яшчэ ў 1956 годзе, але у горадзе Горы захоўваюць дом, дзе нарадзіўся Сталін, і да цяперашніх дзён існуе музэй, а кожны год на 21 сьнежня светкуюцца ягоныя гадавіны. Некаторыя могуць ўспрыняць рашэньне камуністаў як чыста нацыянальную грузінскую асаблівасьць. Але гэта фактычна сымбалізуе тры прыкметныя фактары постсавецкай гісторыі, адзначае вашынгтонскі аналітык радыё “Свабода” Пол Гобл. За часам прэзыдэнцтва Ельцына ніхто з лідэраў, акрамя куамуністычных, публічна не выказваў сымпатыяў да савецкага мінулага. Палітычны працэс уяўляў сабой супрацьстаяньне дэмакратаў і камуністаў, і большасьць насельніцтва была перакананая ў перамозе дэмакратыі. Пад час свайго знаходжаньня ва ўладзе Ельцын звычайна выкарыстоўваў антыкамуністычную рыторыку дзеля таго, каб здабыць падтрымку насельніцтва. Але цяпер, пасьля Ельцына, палітыкі падзеленыя не на дэмакратаў і камуністаў, а на тых, хто за Пуціна, і тых, хто супраць. Апошніх зусім няшмат. Другі фактар, які адзначае Пол Гобл – гэта тое, што рэзалюцыя грузінскіх камуністаў, вяртаньне савецкага гімну і чырвонага сьцягу прымушаюць сумнявацца ў тым, што шмат якія ідэалягічныя стэрэатыпы застануцца ў мінулым. Калі на імя Сталіна была накладзеная анафема, было зусім мала тых, хто спрабаваў рэанімаваць ягоныя ідэі альбо дамагацца вяртаньня сталінскіх мэтадаў. Рэбілітуючы Сталіна, грузінскія камуністы адчыняюць скрыню Пандоры. Наўрад ці яны альбо іхнія паплечнікі атрымаюць перамогу на выбарах, але іх рашэньне, прынятае на мінулым тыдні, надасьць камуіністам палітычнага натхненьня і зьменіць палітычны ляндшафт ня толькі ў Грузіі, але і ў іншых постсавецкіх рэспубліках. І, нарэшце, Пол Гобл адзначае трэці фактар. Апошнія эпізоды – не выпадак, а адлюстраваньне пэўнай тэндэнцыі вяртаньня ў мінулае, якое ахапіла постсавецкую прастору. Паводле дасьледаваньня маскоўскай гуманітарнай Акадэміі, 61 адсотка грамадзянаў Расеі, 53 адсоткі жыхароў Украіны і 69 адсоткаў грамадзянаў Беларусі хацелі б жыць у незалежнай дзяржаве, але разам з тым 38 адсоткаў расейцаў, 43 адсоткі украінцаў і 57 адсоткаў беларусаў віталі б аднаўленьне унітарнай дзяржавы ў той форме, у якой Расейская імпэрыя існавала да 1917 году. Канешне, гэтыя арыентацыі зусім не абавязкова прывядуць да вяртаньня ў былыя часы, але яны сьведчаць пра тое, што і ў новым, 21 стагодзьдзі, як і ў стагодзьдзі мінулым, палітыка постсавецкіх краінаў будзе вызначацца супрацьстаяньнем паміж тымі, хто імкнецца да дэмакратыі, і прыхільнікамі мінулага. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |