RFE/RL |
Серада, 3 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Да 14 студзеня вырашылі трымаць страйк дробныя прадпрымальнікі Рэчыцы. У дробных гандляроў поўна падставаў, каб разам выступіць у абарону сваіх правоў. Яшчэ напрыканцы мінулага году ў місію АБСЭ ад прадпрымальнікаў Рэчыцы паступіла 244 заявы пра невыносныя ўмовы дзейнасьці. Дробныя гандляры паведамлялі, што шляхам заканадаўчага і адміністрацыйнага ўціску ўлады па-сутнасьці пазбаўляюць многія сем'і магчымасьці існаваць. Непасрэднай падставаю зваротаў стаў рэйд рэчыцкіх мытнікаў па рынках гораду, цягам якога было складзена пяць пратаколаў на прадпрымальнікаў з-за парушэньня ўказу Лукашэнкі № 480. Паводле ўказу, патрэбнае мытнае афармленьне тавараў, якія ўвозяцца з Расеі, але паходзяць з трэціх краінаў. Напрыклад, для прадпрымальніка Сяргея Збароўскага гэта азначала, што за прывезеныя футры яшчэ да рэалізацыі ён павінен дадаткова заплаціць каля тысячы даляраў мытнага падатку. Напярэдадні Новага году рэчыцкія мытнікі паведамілі дробным гандлярам, што згаданы ўказ ніхто не адмяняў. Таму праверкі будуць працягвацца, калі ня імі, дык падаткавікамі альбо міліцыяй фінансавых дасьледаваньняў. Прадпрымальнікаў проста змусілі пайсьці на страйк. "Дапяклі сапраўды, ды й ня толькі мяне. Я лічу: калі сёньня на рынку няма ніводнага гандляра, то дапяклі ўсіх. Падчас страйку 23 лістапада гандляры харчовых тавараў працавалі. Ня выйшлі толькі “прамыслоўцы”. Сёньня ж няма гандляроў ні харчовых, ні прамысловых тавараў — нікога няма. Стаіць толькі зь дзясятак бабулек зь яблыкамі, семкамі — і ўсё", — сказала прадпрымальніца Алена Дзяйкун. Дробныя гандляры Рэчыцы падмацавалі сваю акцыю фінансава. Яны ня сталі плаціць фіксаваны падатак, а зьвярнуліся з заявамі ў мясцовую падатковую інспэкцыю — што да 14 студзеня будуць знаходзіцца ў адпачынку.Падобныя заявы накіраваныя і дырэкцыі рынку, якая абавязаная ў часе адпачынку захаваць за прадпрымальнікамі іхныя ранейшыя гандлёвыя месцы. Старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Зураб Барбакадзэ задаволены зладжанымі дзеяньнямі сваіх чальцоў. Казімер Яноўскі, Рэчыца
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |